СДЕЛАЙТЕ СВОИ УРОКИ ЕЩЁ ЭФФЕКТИВНЕЕ, А ЖИЗНЬ СВОБОДНЕЕ

Благодаря готовым учебным материалам для работы в классе и дистанционно

Скидки до 50 % на комплекты
только до

Готовые ключевые этапы урока всегда будут у вас под рукой

Организационный момент

Проверка знаний

Объяснение материала

Закрепление изученного

Итоги урока

Сучасная беларуская мова

Нажмите, чтобы узнать подробности

Разглядаецца тэарэтычныя пытанні і заданні па тэме "Займеннік". Даецца тэставае заданне на паўтарэнне.

Просмотр содержимого документа
«Сучасная беларуская мова»

ТЭМА: ЗАЙМЕННІК ЯК САМАСТОЙНАЯ ЧАСЦІНА МОВЫ


МЭТА:

  • Засвоіць і паглыбіць веды па займенніку.

  • Сістэматызаваць і абагуліць веды па разрадах займеннікаў паводле лексічнага значэння.

  • Ведаць марфалагічную класіфікацыю займеннікаў, асноўныя спосабы марфемнага ўтварэння займеннікаў, пераход іншых часцін мовы ў займеннікі.


З а й м е н н і к — гэта лексіка-граматычны разрад слоў, які ўказвае на прадметы, прыметы прадметаў ці колькасць, не называючы іх. Абстрактнасць, абагульненасць значэння займеннікаў уплывае на іх спалучальныя магчымасці: яны граматычна не спалучаюцца з азначэннямі, таму тыя азначэнні, што адносяцца да займеннікаў, заўсёды адасабляюцца: Першы баравік выклікаў радасць і смех. Буры, здаровы, цвёрды да крамянасці, ён холадам нібы апёк пальцы. У граматычных адносінах займеннікі не вызначаюцца аднастайнасцю: хто, што, нехта, нешта, хтосьці, штосьці, штонебудзь, хто-небудзь не маюць катэгорый роду і ліку, родавых адрозненняў не маюць таксама займеннікі я, ты, мы, вы, а займеннік сябе, акрамя гэтага, — і формы назоўнага склону.

У сказе займеннікі выконваюць розную сінтаксічную функцыю:

дзейніка: Па лясной дарозе толькі што нехта праехаў на санях;

выказніка: Ты доўга думаеш, якім у першым класе твой будзе першы ў жыцці ўрок…

азначэння: На вострым кончыку кожнай шыпулькі ялін звісала цяжкая празрыстая кропля…

акалічнасці: Наша краіна — неабсяжны сад. Мы ў ім вырошчваем шчасця дрэўцы;

дапаўнення: Пад блакітным небам, пад ласкавым сонцам красаваўся бярозавы гай. Хмары палівалі яго дажджом…

Са значэннем займеннiкаў могуць выступаць:

– колькасны лiчэбнiк адзін: Адзін чалавек мне некалі гаварыў;

– парадкавы лiчэбнiк другі: Адны паехалі дахаты, другія — на экскурсію;

– прыметнiкi i дзеепрыметнiкi цэлы, адзначаны, апошнi, наступны, пэўны, падобны: За адзначаны перыяд адбылiся шматлiкiя змены. Цэлы дзень ішоў дождж. Падобныя навіны расхвалявалі сястру.

Займеннікі могуць пераходзіць у іншыя часціны мовы:

усё, усе, усякі, кожны, іншы, сам — у назоўнікі: Нараджаецца ўсё на зямлі, нават песні аб небе;

наш, свой, твой, мой — у назоўнікі: Нашы дома;

гэта, той — у назоўнікі: І гэта больш за ўсё непакоіла Міхася;

усё — у прыслоўе: Дождж усё ідзе. Усё ніжэй апускаліся хмары;

сабе, гэта, якая — у часціцы: Мужчына смяецца, а Паўлюк сабе толькі маўчыць. Дзеці — гэта наша будучыня. І народ усё малады, крэпкі. Якая цёплая ноч!;

свой — у прыметнiк: Я прыйшла на прыём у свой час;

што ў форме роднага, давальнага склонаў можа пераходзіць у прыслоўе пры выражэнні пытання: Чаму ты маўчыш?;

што — у злучнiк: Народ-мастак даўно прыкмеціў, што з бору сонейка ўзышло.

На аснове суадносін з часцінамі мовы выдзяляюцца: займеннікі-назоўнікі, займеннікіпрыметнікі, займеннікі-лічэбнікі.

З а й м е н н і к і - н а з о ў н і к і (абагульнена-прадметныя): я, ты, мы, вы, ён, яна, яно, яны, хто, што, сябе, ніхто, нішто, хто-небудзь, што-небудзь, нехта, нешто, хтосьці, штосьці і г. д. Займеннікі-назоўнікі, як правіла, не маюць пры сабе неадасобленых дапасаваных азначэнняў. Усе займеннікі-назоўнікі, утвораныя ад пытальных хто? што?, маюць суадносныя формы для абазначэння адушаўлёных і неадушаўлёных прадметаў: нехта — нешта, хто-небудзь — што-небудзь, ніхто — нішто.

З а й м е н н і к і - п р ы м е т н і к і (абагульнена-якасныя): мой, свой, ваш, наш, гэты, самы, такі, кожны, які, каторы, які-небудзь і інш. Абагульнена-якасныя прыметнiкi адказваюць на пытанне якi? чый?; дапасуюцца (акрамя яго, яе, іх) да назоўнiкаў у формах роду, лiку, склону i па адушаўлёнасцi/неадушаўлёнасцi (мой горад, мая хата, маё жыццё; гэты дзень, гэтыя днi; бачу гэты лес, але гэтага чалавека); у сказе з’яўляюцца дапасаванымi азначэннямi цi часткай састаўнога iменнага выказнiка: Нерухома стаялi на сваiх месцах толькi махавiк i баравiк. Сшытак на стале мой.

З а й м е н н і к і - л і ч э б н і к і (абагульнена-колькасныя): колькі, столькі гэтулькі, некалькi. Займеннік колькі можа служыць для сувязі даданай часткі з галоўнай у складаназалежным сказе: Я не помню дакладна, колькі месяцаў прайшло з дня нашай апошняй сусрэчы; выражаць запытанне пра колькасць прадметаў: Колькi чалавек у групе? Займеннік столькі можа ўказваць на колькасць асоб, названую ў папярэдняй частцы выказвання: У 21 групе было 15 чалавек, столькі ж студэнтаў было і ў 22 групе.

У адпаведнасці з лексічным значэннем займеннікі традыцыйна падзяляюцца на дзевяць разрадаў: асабовыя, зваротны, прыналежныя, указальныя, азначальныя, пытальныя, адносныя, адмоўныя, няпэўныя.

А с а б о в ы я з а й м е н н і к і выражаюць адносіны асобы да таго, хто гаворыць. Сярод іх вылучаўцца ўласна асабовыя (я, мы, ты, вы) і асабова-ўказальныя (ён, яна, яно, яны). Асабовым займеннікам я, ты не ўласціва марфалагічная катэгорыя роду, аднак яна праяўляецца сінтаксічна праз сувязь гэтых займеннікаў з выказнікамі, выражанымі дзеясловамі прошлага часу: я прыйшоў — я прыйшла, ты прыйшоў — ты прыйшла, ці з адасобленымі азначэннямі: ты, заварожаны прыгажосцю; ты, заварожаная прыгажосцю. Займеннік я ўказвае на першую асобу — на таго, хто гаворыць: Неўзабаве я апынуўся на ўчастку календулы, якая скінула з сябе ранішнюю расу і стаяла ва ўвесь рост.

Займеннік ты можа ўказваць на другую асобу, да якой непасрэдна звяртаецца той, хто гаворыць: На хісткай цішыні спадманнага настрою ты ўглыб агню зірні ў прыцемках спакою.

Займеннік ты можа набываць абагульнена-асабовае значэнне: I ты тулішся да кастра, баішся азірнуцца і з надзеяй глядзіш на агонь, можа, ён захаваецца да світання.

Займеннік мы абазначае групу асоб, у якую ўваходзіць і той, хто гаворыць: I сапраўды, бабёр не ўцякаў, хоць мы былі ўжо блізка каля яго. Гэты займеннік можа ўжывацца з абагульнена-асабовым значэннем: Мы не шукаем бяды, бяда шукае нас.

З в а р о т н ы з а й м е н н і к сябе ўказвае на тое, што аб’ектам дзеяння з’яўляецца сам суб’ект ці асоба, пра якую ідзе гаворка. Асноўная асаблівасць зваротнага займенніка заключаецца ў тым, што ён не мае назоўнага склону, не мае родавых формаў, яму не ўласціва і катэгорыя ліку. Зваротны займеннік у аднолькавай меры адносіцца да ўсіх трох асоб: Я дала сабе слова, ты даў сабе слова, ён даў сабе слова. Зваротны займеннік выступае ў сінтаксічнай функцыі дапаўнення: Я дакараў сябе і дакараю, палёгкі мне ад споведзі няма…; зрэдку — акалічнасці: Дзяўчынка — у вачах начны паўзмроквакол сябе не бачыць нічагуткі.

П р ы н а л е ж н ы я з а й м е н н і к і ўказваюць на прыналежнасць прадмета адной з трох асоб. Займеннікі мой, наш, твой, ваш, свой граматычна характарызуюцца наяўнасцю формаў роду, ліку, склону. У сказе яны выступаюць у ролі азначэння: Толькі наша з табою расстанне веснім часам успомняць сады. Ні крыўдай, ні скрухай ліхою, — нічым не параню твой слых. Займеннік свой выражае прыналежнасць дзеючай асобе, абазначанай дзейнікам: я аддаў свой падручнік — ты аддаў свой падручнік — ён аддаў свой падручнік.

У к а з а л ь н ы я з а й м е н н і к і гэты, той, такі, гэтакі, у пэўным кантэксце столькі, гэтулькі ўказваюць на прадметы, прыметы прадметаў ці іх колькасць: Я памылкова сеў не ў той вагон, не ў той вагон і не на тым паўстанку

Займеннікі гэты, той, такі, гэтакі дапасуюцца да назоўнікаў, з якімі звязаны, у родзе, ліку, склоне.

Займеннікі столькі, гэтулькі катэгорый ліку і роду не маюць.

Займеннікі такі, гэтакі ўказваюць на якасць прадмета, якая мае выдзяляльнае ці ўдакладняльнае значэнне: Дразды, пераймаючы салаўіныя пералівы, сустракалі ў захапленні раніцу такім адмысловым перасвістам, што звінела ў вушахI адкуль, думалася, гэтакая моц, гэтакі трывалы дух жыве ў балотнай травіне?

Займеннік такі часта выкарыстоўваецца са значэннем найбольшай ступені праяўлення якасці: Травінка была такая маленькая, такая нязначная , што ніхто нават не пазіраў на яе

Займеннікі такі, гэтакі могуць паказваць на падабенства якасці двух прадметаў: Вось адна маладая, але вынослівая хваінка не вытрымала першага шчодрага снегу, нахілілася. Паглядзела на яе гэтакая ж маладая ялінка і таксама нахілілася…

Займеннікі столькі, гэтулькі служаць для абазначэння колькасці, тоеснай названай раней: Пяць чалавек капала бульбу і гэтулькі ж чалавек звозіла буракі з поля. Сёння мы прайшлі дзесяць кіламетраў, столькі плануем прайсці і заўтра.

А з н а ч а л ь н ы я з а й м е н н і к і ўвесь, усякі, сам, самы, кожны, іншы, любы паказваюць на абагульненую, адцягненую якасць або ўласцівасць прадметаў. Граматычна азначальныя займеннікі характарызуюцца наяўнасцю формаў роду, ліку і склону.

Займеннiк сам можа ўказваць на асобу ці прадмет, якія без дапамогі іншых, самастойна ўтвараюць дзеянне: Сам схадзіў у лес.

Займеннік сам можа ўжывацца для таго, каб падкрэсліць значнасць, важнасць асобы або прадмета: Сам дэкан прысутнічаў на сходзе.

Займеннiк самы мае выдзяляльна-ўзмацняльнае значэнне, ён указвае на крайнюю мяжу распаўсюджання дзеяння, з’явы ці праяўлення якасці: Мне хацелася, даўно хацелася прымірыць горад і вёску ў сваёй душы, і гэта была мая самая патаемная і самая душэўная думка.

Займеннік самы ў пазіцыі перад назоўнікам можа ўказваць на крайнюю ступень якасці: Яблыкі — самы смак.

Займеннiк увесь (уся, усё, усе) указвае на прадмет з адценнем паўнаты, зборнасці, цэласнасці: Шумяць снягі, вятры, дажджы на ўсёй зямной прасторы

Займеннікі кожны, любы, усякі выкарыстоўваюцца для вылучэння прадметаў з аднароднай сукупнасці (кожны з нас, любы з нас, усякі з нас): Ствалы разложыстых дубоў імкнуць увысь. Кожны з іх заканчваецца мудрагеліста перакручанымі галінамі.

Займеннiк ўсякі мае яшчэ дадатковае значэнне ‘розны, разнастайны’; займеннік любы — ‘усё роўна хто(што)’, займеннік кожны — ‘і той, і другі, і трэці’: Дзень асенняй цеплыні і бясхмар’я панаваў у прыродзе, навяваючы думы пра вечна маладое жыццё і шчасце ў любую пару года

Займеннік іншы (інакшы) паказвае на адрозненне прыметы, якасці прадмета: У асеннім лесе таксама добра думаецца. Але думкі тут маюць іншую форму: яны яркія, кароткія і хутка змяняюць адна адну.

П ы т а л ь н ы я з а й м е н н i к i выражаюць імкненне таго, хто гаворыць, высветліць што-небудзь невядомае:

- хто? што? служаць для выражэння запытання пра асобу, прадмет: Хто плыве па небе клінам у асенняй цішыні? I ўзгоркам, і далінам хто курлыча з вышыні? А што гэта такое, цішыня?

- які? (якая?, якое?, якiя?) выражае запытанне пра прымету: Якая яна, мая зямля?

- чый? (чыя?, чыё?, чые?) выражае запытанне пра прыналежнасць: Чыімі рукамі ствараліся такія скарбы?

- каторы? (каторая?, каторае?, каторыя?) выражае запытанне пра парадак прадметаў пры лічэнні: Каторы стол прынеслi?

- колькі? выражае запытанне пра колькасць: Колькi чалавек сёння адсутнiчае?

Займеннікі хто? што? колькі? не маюць граматычных катэгорый роду і ліку, а які?, чый?, каторы? маюць формы роду і ліку.

Займеннікі хто? што? патрабуюць ад залежнага дзеяслова-выказніка формы адзіночнага ліку: Хто прынясе? Што адбываецца ў свеце? Калі дзейнік у сказе выражаны пытальным займенікам хто?, то выказнік-дзеяслоў ужываецца ў форме мужчынскага роду: Хто цябе пакрыўдзіў? Выказнік мае форму ніякага роду пры выражэнні дзейніка няпэўным займенікам што?: Што дапамагло табе?

А д н о с н ы я з а й м е н н і к і хто, што, які, каторы, чый служаць для сувязі даданай часткi складаназалежнага сказа з галоўнай часткай. Яны знешне супадаюць з пытальнымi займеннiкамi і гістарычна паходзяць ад іх, характарызуюцца таксама тымі ж граматычнымі асаблівасцямі, што і пытальныя. У структуры даданай часткi складаназалежнага сказа адносныя займеннікі выступаюць у якасці яго членаў — галоўных і даданых: Які госць, такое і частаванне. Я прыхiлiўся спiнаю да маладой асiнкi i назiраю за дзятлам, якi ласуецца на бярозцы салодкiм сокам. Вось тады і дрыжыць-трапечацца лістота.

А д м о ў н ы я з а й м е н н i к i ніхто, нішто, ніякі, нічый указваюць на поўную адсутнасць прадмета як суб’екта ці аб’екта дзеяння, якасці ці прыметы прадмета: Нічога цікавейшага на свеце не было тады для мяне, як прыўзняць заслону сінечы і зазірнуць за яе рубяжы. У яе няма ніякага пачуцця меры. Адмоўныя займеннiкi ўтвараюцца ад пытальных пры дапамозе прыстаўкі ні-: які → ніякі, хто → ніхто, чый → нічый, што → нішто.

Адмоўныя займеннікі ўжываюцца толькі ў адмоўных сказах, у якіх ужо ёсць словы нельга, няма, не: Навальніцы ўчора днём ніхто не чакаў. I здаецца, што на свеце нічога больш няма. Нельга нічога сказаць.

Н я п э ў н ы я з а й м е н н i к i нехта, нешта, хтонебудзь, абы-што, абы-чый, абы-які, што-небудзь, нейкі, нечы, чый-небудзь, які-небудзь, некаторы, хтосьці ўказваюць на невядомыя асобы, прадметы, няпэўныя прыметы: Некаторыя маладыя дрэўцы пагнуліся пад цяжарам, прыпалі вяршынкамі да самае зямлі… З кожным лістком у мяне звязана нешта дарагое і блізкае сэрцу. Сапраўды, ляжыць каля плота штосьці кругленькае, зялёнае, паласатае. Спадзявалася ў нешта вельмі харошае.

Няпэўныя займеннікі ўтвараюцца ад пытальных пры дапамозе прыставак не-, абы- і постфіксаў -сь, -сьці, -небудзь: што → нешта, каторы → некаторы, чый → абы-чый, што →абы-што, што → што-небудзь, хто → хтось, які → якісьці.

Займеннікі з постфіксам -небудзь ужываюцца тады, калі гаворка ідзе пра зусім невядомыя як для гаворачага, так і для іншых асобу ці прадмет: Заставалася адна надзея, што ўбачыць і пачуе хлопчыка хто-небудзь у полі.

У займенніках з прыстаўкай абы- няпэўнасць нярэдка спалучаецца з адмоўнай характарыстыкай гэтай асобы ці прадмета: Хто з нас абы-чаго не плёў, у што і сам не вельмі верыў?

Для няпэўных займеннікаў уласцівы тыя ж граматычныя асаблівасці, што і для пытальных: нехта, нешта, хто-небудзь, абы-што, абы-хто, што-небудзь, хтосьці, штосьці не маюць формаў роду і ліку; нейкі, чый-небудзь, некаторы, нечы, якінебудзь, абы-чый, абы-які маюць формы роду і ліку.

Да няпэўных адносяцца складаныя займеннікі той-сёй, сякітакі, хто-ніхто, што-нішто, утвораныя ў выніку аб’яднання ў адно слова пытальнага і адмоўнага займенніка ці ўказальнага займенніка і слова сёй, сёе, сякі: Хто-ніхто развязваў рукзак, каб падсілкавацца.

Пытанні для самападрыхтоўкі

1. Якая часціна мовы называецца займеннікам?

2. Укажыце на характэрныя марфалагічныя і сінтаксічныя ўласцівасці займеннікаў.

3. Назавіце часціны мовы, якія ў адпаведным кантэксце набываюць функцыянальнае значэнне займеннікаў?

4. У якія часціны мовы могуць пераходзіць займеннікі?

5. На якія групы падзяляюцца займеннікі па іх суадносінах з іншымі часцінамі мовы?

6. Назавіце разрады займеннікаў паводле значэння. Прывядзіце прыклады.

7. У чым адметнасць асабовых займеннікаў і зваротнага займенніка сябе?

8. Ахарактарызуйце прыналежныя і ўказальныя займеннікі.

9. Ахарактарызуйце азначальныя займеннікі.

10. Што маюць агульнае і чым адрозніваюцца пытальныя і адносныя займеннікі?

11. З дапамогай якіх прыставак і постфіксаў утвараюцца няпэўныя і адмоўныя займеннікі? Якое значэнне маюць гэтыя займеннікі?

Трэнінг уменняў

Заданне 1. Знайдзіце ў сказах займеннікі. Вызначце іх пачатковую форму і сінтаксічную ролю ў сказе.

1. Вось тады і дрыжыць-трапечацца лістота, цяжка ёй расстацца з тымі мроямі-казкамі, якія баялі ёй уначы туманы. 2. Ад зялёнай паласы ярыны, што віднелася далёка справа, паўз сасоннік хутка бег цень хмаркі. 3. Разбрыліся па свеце і будні, і святы… I не знаю — на шчасце сваё ці бяду — я ўвесь час адмаўляю тваю вінаватасць, ты сцвярджаеш маю правату. 4. Навечна сэрцу блізкі самы — у любую кінь далечыню — той кут, дзе дарагое «мама» прамовіў я ўпершыню. 5. Было ў той нядумнай, бесклапотнай радасці нешта на дзіва юначае, даверлівае і абнадзейлівае. Спадзявалася ў нешта вельмі харошае. 6. Ляціць і ляціць ва ўсе бакі заўзятая песенька-заклік. Неўзабаве яе падхопліваюць іншыя птушкі. 7. Ніякая іншая птушка, нават праслаўлены салавей, не можа параўнацца ў спевах з лясным жаваранкам.

Заданне 2. Прачытайце прыказкі, растлумачце іх сэнс. Назавіце займеннікі, укажыце, да якога разраду паводле значэння яны адносяцца.

1. Праца нікога не ганьбіць 2. Хто пытае, той не блудзіць. 3. Шкадую цябе, ды не так, як сябе. 4. Што ў лесе родзіцца, у двары згодзіцца. 5. Нікому свайго розуму не ўставіш. 6. Чаму навучышся, за плячыма насіць не будзеш. 7. Ніхто сам сабе не вораг. 8. Якая птушка, такое і гняздзечка. 9. Усякай птушцы сваё гняздо міла. 10. Трэба ўлетку назбіраць, каб узімку было што жаваць.

Заданне 3. Устанавіце адпаведнасць паміж займеннікамі і часцінамі мовы, з якімі яны суадносяцца.

1. А можа, каму цікава паслухаць, як звоняць лясныя званочкі. 2. Усё лета рыжым полымем гойсала вавёрка з дрэва на дрэва, быццам нельга было прыдумаць іншага занятку. 3. — Скажы, Параска, калі ласка, якую ты чытала казку? 4. У баку ад вёскі, ад людзей, сярод соннай прасторы снягоў чырванее невысокі гранёны слупок. На ім безліч разоў налепліваецца шапка снегу і столькі ж разоў вецер здзімае яе. 5. Ніхто не можа зразумела растлумачыць, чаму начная фіялка зберагае свой водар для чэрвеньскіх вечароў. 6. Ёй нават здавалася чамусьці тады, што гукі музыкі былі каляровыя.

Заданне 4. Спішыце сказы. Падкрэсліце асабовыя займеннікі. Вызначце, у якім значэнні яны ўжыты.

1. Як у люстэрка, глядзішся ты ў прыроду, чалавек, і бярэш ад яе і душэўнасць, і ласку, і мудрасць. 2. Развітаўшыся з невялічкай чыгуначнай станцыяй і пакрочыўшы на паўднёвы захад, вы болей не ўбачыце ні хваіны, ні бярэзінкі, ні прывычнага для вока беларуса балотца. 3. Ты яму кажаш, а ён сваё нясе (Прыказка). 4. Нарэшце, можа, прыйдзе ён, доўгачаканы, першы за гэту вясну дождж. 5. Ці заўважалі вы, якія расліны і травы першымі выбіваюцца з-пад зямлі ў раннюю веснавую пару? 6. Прызнаюся, найбольш я любіў прыходзіць у гэты лес адзін, асабліва на схіле лета, пад восень. 7. Мой субяседнік засмяяўся ды і пытаецца: «Няўжо вы не ведаеце, дзе знаходзіцца Саратаўшчына? Вы жартуеце, зразумела…» 8. Як мы да людзей, так і людзі да нас (Прыказка).

Заданне 5. Вызначце разрад займеннікаў па значэнні. Утварыце словазлучэнні, выкарыстаўшы прыведзеныя формы займеннікаў.

Самому, самаму, майго, таго, столькі, нікім, некім, некаторых, ім, ні ў кога, пры кім-небудзь, з чыімсьці.

Заданне 6. Пастаўце займеннікі ў пачатковую форму.

Сабою, нас, нічым, ні за кога, абы-каго, нечым, усяго, самім, ні за што, нічыйму, самага, ні аб кім, ні з чым, вамі, аб чымсьці, каму ж небудзь, абы ў каго, ніякаму.

Заданне 7. Выпішыце словазлучэнні «назоўнік + займеннік». Вызначце від сінтаксічнай сувязі ў словазлучэннях.

1. Сосны і яліны, кучаравыя бярозы глядзяць у ваду, як у люстра, і кроны іх адбіваюцца ў ціхай плыні. 2. Золкія, з лёгкімі замаразкамі ночы прыспешылі развітанне дрэў са сваім летнім уборам. 3. Некаторыя маладыя дрэўцы пагнуліся пад цяжарам, прыпалі вяршынкамі да самае зямлі, утварыўшы сотні і сотні беласнежных арак, якім так і стаяць у лесе да самай вясны, пакуль цёплае сонца не распрастае іх прымерзлых да зямлі ствалін. 4. Але, як і штогод, для кожнага чалавека вясна прынесла нешта новае, адметнае, непаўторнае… 5. Лёгка і мякка слізгаюць палазы, пакідаючы за сабой на некранутай белі дзве раўнюткія паласы. 6. Нідзе яшчэ не даводзілася мне дыхаць такім свежым паветрам. 7. Чарнее ўдалечыні арка жалезнага моста, да якога павольна набліжаецца белы параходзік.

Заданне 8. Вызначце, у якіх словазлучэннях выдзеленыя займеннікі адносяцца да прыналежных.

На яе твары, іх перамога, глядзіць на іх, спатрэбілася яму, яны падбеглі, яго рост, бегаў каля іх, з ім заўсёды весела, іх нельга спыняць, яе цёплая рука, кніжка яго не радавала, яго думкі, губы яго задрыжалі ад гневу, аднагрупніцы паважалі яе, яе сябры.

Заданне 9. Спішыце сказы. Вызначце, да якога разраду паводле значэння адносяцца выдзеленыя займеннікі.

1. Не здзіўляйцеся тымчасова, што для іх, для дзяцей, пішу: я званочак іх роднага слова птушаняткам ля сэрца нашу. 2. I тады я зразумеў: з шэрай зязюлі, з яе самотнага голасу, з чырвоных маладых яловых шышак пачынаецца цёплая вясна… 3. Уся пекната летняй зямлі адбілася ў яго песні. 4. Вясёлка над Дзвіной паднялася ўгору, колеры яе набляклі і неўзабаве рассеяліся зусім. 5. I тут яго воку трапілася такое відовішча, якое ён бачыў першы раз у сваім жыцці. 6. Я іншага шчасця не знаю і ведаць яго не хачу. 7. Чалавек — частка прыроды, яе дзіця, і ва ўсёй сваёй дзейнасці ён свядома або міжволі вучыцца ў яе, пераймае яе. 8. Стварэнне адважнае мары купаецца ў хвалях зары; яе субяседнікі — хмары, грамы і маланкі — сябры. 9. Калі памірае мова народа, паміраюць яго песні, казкі і паданні. 10. А вось адзінокі клён стаіць. Віецца Восень каля яго, кружыць, фарбуе яго галінкі…

Заданне 10. Прачытайце, пастаўце займеннік сябе ў адпаведным склоне. Вызначце, якую сінтаксічную ролю ён выконвае.

1. Алесь штосьці чытаў, шаптаў … нешта пад нос, круціўся і штурхаў брата. 2. Знаю, будзеш нешта зноў казаць і вініць … за безразважнасць… 3. Я дакараў … і дакараю, палёгкі мне ад споведзі няма… 4. Лягчэй казаць пра нешта і плысці на хвалі спадарожнай да спачыну, цяжэй маўчаць і думаць пра айчыну і марыць у … яе знайсці. 5. Цяжка ўявіць … чалавека без гісторыі, без кроўных сувязей з роднай зямлёй. 6. Хіба можна адчуваць … у радасці, калі побач камусьці сумна і адзінока? 7. Нікуды ад … не ўцячэш ты, да чужой не прывыкнеш хады. 8. Я з … прывезла толькі ліру скрозь імжу, скрозь ранішні туман. 9. Так абжываю новы край, свабодны і бязлюдны! Я пакараў … — карай і ты … ў дзень судны. 10. Адзінока за вёскаю, нават крыху не па … ад гэтай велічнай палявой бясконцасці і маўклівасці.

Заданне 11. Прачытайце сказы. Знайдзіце ў іх азначальны займеннік сам (сама, само, самі), акрэсліце яго значэнне.

1. Расцерушыла ночка свой цёплы пыл, распляла над зямлёю свае чорныя косы, а сама, як маці, прытаілася ў лесе, каб вартаваць і ахоўваць сон людзей і сон прыроды. 2. I як чалавек уплывае сваёй дзейнасцю, самім фактам свайго існавання на прыроду, так і прырода ўплывае на Яго. 3. З гэтага часу Валя падружылася з піяніна, падыходзіла да яго сама і ахвотна іграла . 4. Выходзячы ад Шабеты, поўная вялікай трывогі за Васіля, які зноў зрабіўся самым дарагім у свеце, яна раптам на ганку ўбачыла яго самога. 5. Само яснае сонейка ледзь-ледзь прапускала залатыя косы, якія пранікалі толькі да палавіны. 6. Пасля кожнага чалавека сярод людзей застаецца памяць. Неаднолькавая яна для ўсіх, як і самі людзі неаднолькавыя. 7. Але і гэта галіна — сама радасць для мясцовых дзяцей. 8. Сам генерал павітаўся з салдатамі. 9. Сонечная цяплынь, чыстае паветра, звон радасных песень жаваранкаў абуджалі такі настрой, што і самому хацелася ўзляцець у сінь неба і заспяваць песню.

Заданне 12. Спішыце сказы. Вызначце, пытальныя ці адносныя займеннікі выкарыстаны ў сказах.

1. — Бура, — застагналі Карані. — Што ты зрабіла з намі? 2. Усю дарогу праз лес мяне суправаджала нябачная птушка тоненькім жалобным плачам. Што яна страціла? Па чым плача? 3. Сонца вісела над бярозавым гаем, што ажно сінеў па той бок калгаснага поля, якое горбілася ля самай вёскі. 4. Шумелі патокі вады, якія ліліся цяпер з неба суцэльнай заслонай. 5. Што хаваецца за заслонаю сінечы-смугі? Якія праявы, якія людзі сустрэнуцца мне на шляху вандравання? Праз якія абшары зямлі пройдуць пуцявіны і куды яны прывядуць? 6. А я зжылася з тым, чаго чакаю, пра што вядома спорнаму пяру. 7. Што без агню гарыць-палае, ліе святло ў маё аконца? 8. Вось і дуб. Колькі ж гэта вякоў ён вартуе Свіцязь? 9. Ты зразумееш потым, упэўнішся як след: хто вырас бесклапотна, таму чужы наш свет!..

Заданне 13. Перакладзіце на беларускую мову наступныя спалучэнні слоў.

Нечего делать, некому послать письмо, кое-кто из почтальонов, кое-какие новости, не на чем ехать, ждать было некого, кое-кому не понравиться, не с кем заговорить, кое с кем поссорился, нечему верить, в чём-то сомневаться, некем заменить, нечего рассуждать, не с кем посоветоваться, не с кем сравнить, ждать некого, мне нечего больше жалеть.

Заданне 14. Спішыце, падкрэсліце няпэўныя займеннікі, вызначце іх сінтаксічную функцыю, акрэсліце іх марфалагічныя асаблівасці.

1. Тады ходзіш задумлівы, з нейкім дзіўным пачуццём, якому цяжка шукаць тлумачэння. Ходзіш і чагосьці чакаеш. 2. Кожнай знічкай чыйсь лёс адзначаны. 3. Так, кожная цікавая гісторыя чымсьці падобная на сон. 4. Валя запомніла санату пасвойму, развучыла, штосьці нават дадаўшы ад сябе. 5. Убачыўшы, што сабака нешта пачуў, чалавек насцярожыўся і, трымаючы стрэльбу напагатове, пачаў паціху набліжацца. 6. Здаецца, хтосьці майстэрскай рукой уставіў вялікае люстэрка ў зеляніну змешанага лесу. 7. Вера не абцяжарвала ніколі сваёй прысутнасцю, не чакала, каб падхоплівалася кожнае яе слова, падкрэслівалася яе неабходнасць у чым-небудзь… 8. Цяпер трэба было як-небудзь павініцца перад людзьмі, паказаць, што яна не абы-хто, што яна шануе сваю славу, людзей і людскія звычаі. 9. Пахістваючыся, крыху горбячыся, хмурачы яшчэ дзіцячы лоб, Васіль міжвольна прыгадаў, дзе і калі Ганна казала што-небудзь крыўднае…

Заданне 15. Спішыце сказы, падкрэсліце адносныя займеннікі, вызначце іх сінтаксічную функцыю ў сказе.

1. На ціхай вадзе рэк і рэчак, над якімі сям-там грукочуць бяссонныя млыны, раскашуюцца сытыя свойскія качкі… 2. Многа ракаў, якіх мы лавілі «сакаўкай», а пасля оптам пяклі ў прысаку вогнішча. 3. Над вадою слаўся туманок, рэдкі, празрысты, які знікне адразу, як толькі прагляне сонца. 4. Бяроза, пад якой я ляжу, адшумела зялёным лісцем… 5. Потым бадзёры марозік, якім вельмі ж ужо яршыста дыхаецца, падмарозіць поле… 6. На вуліцы ляжалі горы снегу з самымі вычварнымі паветкамі і карнізамі, якіх не патрапіць вылепіць самы здольны скульптар. 7. На тым баку, што выходзіў на ўсход, цягнуўся цэлы шырачэзны пас дубкоў. 8. За ракой, на зялёнай прасторы, што канчаецца на даляглядзе цёмнай сцяною лесу, ходзіць калгасны статак.


Скланенне займеннікаў

Асабовыя займеннікі я, мы, ты, вы пры скланенні маюць суплетыўныя асновы ва ўскосных склонах. Займеннікі мы, вы ў родным, вiнавальным і месным склонах маюць канчатак -ас. У творным склоне адзiночнага лiку займеннікі я, ты маюць варыянтныя канчаткі: мной (мною), табой (табою). Будзеш ляжаць і як не спяваць ад усведамлення, што, нарэшце, не размінулася з табою шчасце і падпільнавала вось тут, на далёкім ад бойкіх дарог лузе.

Асабова-ўказальныя займеннікі ён, яно, яна, яны ва ўскосных склонах таксама маюць суплетыўныя асновы. Займенніку яна ў форме творнага склону ўласцівы варыянтныя канчаткі: ёй, ёю. Спыняўся, уражаны адкрыццём: колькі той зёлкі, а мае свой кубелец і накрыўку для яго, а пад ёю, як у скрыні мука, пылок

Зваротны займеннік сябе не мае формы назоўнага склону і скланяецца аналагічна займенніку ты. У творным склоне адзiночнага лiку гэты займеннік мае варыянтныя канчаткі: сабой (сабою). А гэта проста радасць. Радасць чалавека, якому ўсё ж сяды-тады не шкодзіць пабыць толькі сам-насам з сабою.

Займеннікі ўказальныя (гэты, той, такі), прыналежныя (мой, твой, свой, наш, ваш), азначальныя (кожны, іншы, усякі), пытальныя і адносныя (які, каторы) і ўтвораныя ад іх адмоўныя і няпэўныя займеннікі скланяюцца, як прыметнікі з цвёрдай, мяккай ці з асновай на г, к, х.

Займеннік жаночага роду адзіночнага ліку гэта ў назоўным і вінавальным склонах мае паралельна з формай гэта, гэту менш ужывальныя формы гэтая, гэтую: I часам, нібы для таго, каб падслухаць гэту неўгамаваную балбатню, садзіліся на самую вяршыню лясныя пляткаркі-сарокі

Прыналежныя займеннікі жаночага роду мая, твая, свая, наша, ваша ў родным склоне побач з асноўнай формай маёй, тваёй, сваёй, нашай маюць менш пашыраныя формы мае, твае, свае, нашае, вашае: Пад полудзень Мурза прыбег да нашай вышкі з сумкаю ў зубах. Было дзяцей блізу нашае хаты шасцёра-сямёра, прычым больш-менш аднаго ўзросту.

Гэтыя займеннікі ў вінавальным склоне маюць паралельна з формамі нашу, вашу, наша, ваша, нашы, вашы менш пашыраныя формы нашу, вашую, нашае, вашае, нашыя, вашыя: Словам, на нашу долю дасталося шмат мясцін, дзе ўжо не было як спадзявацца, што лес вырасце сам сабою, трэба было яго саджаць. Займеннікі жаночага роду ў творным склоне маюць варыянтныя канчаткі: сваёй — сваёю, нашай — нашаю, тваёй — тваёю. Праходзяць дні, ідуць сваёю чарадою зімы і леты з іх халадамі і спякотамі, з іх бурамі і навальніцамі, а яны спакойныя, як чалавек… Заўтра нам у школу… Развітацца трэба з тымі, з кім гулялі летняю парой: з нашым шумным лесам, з нашым сінім небам, з нашаю блакітнаю быстраю ракой.

Трэба адрозніваць скланенне азначальных займеннікаў самы, сам: самы скланяецца, як прыметнік з цвёрдай асновай, прычым націск захоўваецца на аснове (Р. самага, Д. самаму, Т. самым), а сам скланяецца падобна прыметнікам з асновай на г, к, х (націск на канчатку): Р. самога, Д. самому, Т. самім. Пытальныя і адносныя займеннікі хто, што, няпэўныя займеннікі нехта, нешта і адмоўныя займеннікі ніхто, нішто скланяюцца, як указальны займеннік той. Няпэўныя займеннікі хтосьці, штосьці, якімсьці, хто-небудзь, чый-небудзь, абы-хто, абы-што, абы-які скланяюцца, як адпаведныя пытальныя займеннікі хто, што, які, чый. Няпэўныя займеннікі сёй-той, такі-сякі скланяюцца, як указальныя займеннікі, а няпэўныя займеннікі хто-ніхто, штонішто, які-ніякі, чый-нічый — як адпаведныя пытальнаадносныя і адмоўныя. Пры скланенні змяняюцца абедзве часткі.

Правапіс займеннікаў

Займеннікі пішуцца разам, асобна і праз злучок:

1. У адмоўных і няпэўных займенніках прыстаўкі ні-, непішуцца разам: ніхто, нішто, ніякі, нічый; нешта, нехта, нейкі, нечы.

2. У няпэўных займенніках прыстаўка абы- і постфікс -небудзь пішуцца праззлучок: абы-хто, абы-які, што-небудзь, чый-небудзь.

3. Калі пры адмоўных і няпэўных займеніках ва ўскосных склонах ёсць прыназоўнікі, то тады ні-, абы- пішуцца асобна, у тры словы: нікога — ні ў кога, абы-каго — абы ў каго, нічым — ні з чым не параўнаць, нікім — ні з кім не паспелі перагаварыць. Прыназоўнік без ставіцца перад адмоўнымі займеннікамі і пішацца з імі асобна: без ніякіх умоў, без нічыёй дапамогі.

4. У няпэўных займенніках постфікс -сьці(-сь) пішацца разам: штосьці, якісьці, чыйсьці.

5. У спалучэннях не хто іншы, як; не што іншае, як не пішацца асобна ад займенніка. Такія спалучэнні ўжываюцца ў сказах, у якіх няма другога адмоўя, і выконваюць ролю ўзмацняльных часціц (толькі, іменна), таму членамі сказа не з’яўляюцца: Дапаможа не хто іншы, як сястра. У спалучэннях ніхто іншы, нішто іншае ні пішацца разам з займеннікам. Спалучэнні ніхто іншы, нішто іншае ўжываюцца ў адмоўных сказах, дзе перад выказнікам стаіць часціца не: Ніхто іншы не мог прыйсці. Нішто іншае мяне зараз не цікавіць. У падобных сказах займеннікі ніхто, нішто выконваюць ролю дзейніка (ці дапаўнення пры ўжыванні ва ўскосных склонах), а іншы, іншае — ролю азначэння: Нікім іншым яго не заменіш.

6. Складаныя няпэўныя займеннікі пішуцца праз злучок: хто-ніхто, што-нішто, які-ніякі, той-сёй, сёе-тое, сякі-такі. У двары на лавачках сядзелі жанчыны, мужчыны сумавалі побач з імі: курылі, нізка ўгнуўшы плечы, пыхкаючы дымам сабе ў кулак — той-сёй быў без кашулі, у майцы. Таму-сяму, як і дзядзька Iгнат, я навучыўся ў вёсцы.

Марфалагічны разбор займеннікаў

1. Пачатковая форма (назоўны склон адзіночнага ліку).

2. Разрад паводле суадносін з іншымі часцінамі мовы: займеннік-назоўнік, займеннік-прыметнік, займеннік-лічэбнік.

3. Разрад паводле значэння.

4. Род, лік (калі яны ёсць), склон.

5. Сінтаксічная функцыя ў сказе.

У з о р. Кожны дзень лес адкрываў позірку, слыху штосьці новае.

Кожны — займеннік, пачатковая форма кожны, займеннік-прыметнік, азначальны, адзіночнага ліку, мужчынскага роду, назоўнага склону, у сказе выконвае функцыю дапасаванага азначэння.

Штосьці— займеннік, пачатковая форма штосьці, займеннік-назоўнік, няпэўны, вінавальнага склону, у сказе выконвае функцыю дапаўнення.


Пытанні для самападрыхтоўкі

1. Назавіце асаблівасці скланення асабовых займеннікаў?

2. Назавіце асаблівасці скланення прыналежных і ўказальных займеннікаў?

3. Якія відазмяненні ў характары асноў могуць адбывацца пры скланенні займеннікаў?

4. Для якіх займеннікаў уласцівы варыянтныя канчаткі пры скланенні?

5. Ахарактарызуйце асаблівасці правапісу займеннікаў.


Трэнінг уменняў

Заданне 1. Спішыце сказы, раскрываючы дужкі і ўстаўляючы прапушчаныя часціцы не або ні.

1. Я кажу вам, (н…)хто (н…) назваў бы такія загарадкі крэпасцямі. 2. (Н...)хто (н...) ішоў ім на дапамогу, і яны без пары старэліся, жоўклі і без жыцця хісталіся на сухіх сцяблінках. 3. Ды я (н...) на што ў свеце не змяняю мясцовай печы! (У. Караткевіч). 4. Што (н...)хто раней за селяніна не згледзіць, калі ўстае і кладзецца сонца, гэта праўда, (н...)хто так не бачыць той цёплай і халоднай імглы, як наш брат, то ж праўда, а што (н...)кога так скоранька не ашчэпіць за шыю торба, як селяніна, гэта таксама жывая непадробленая праўда. 5. Бачу — каля Міронавай хаты стаіць шарабан, запрэжаны пышнай паркай коней, і (н...)йкі пан з даўгой сівой барадой аглядае бяду і сялян. 6. Потым яму было цяжка даць веры, што гэтыя роўныя лацінскія радкі накрэсліла на паперы ягоная, а (н...)чыясьці іншая невідочная рука, што іх пакінуў звычайны атрамант з сажы і гарэхаў, а не (н...)йкае магічнае рэчыва. 7. Усё муляе (н...)шта бок, няйначай, гэты сучок яловы на ўслоне.

Заданне 2. Прачытайце. Назавіце займеннікі. Вызначце іх пачатковую форму, разрад паводле значэння, склон.

1. Здавалася, што ўвесь прастор напаўняўся тады спевамі і музыкаю, такой музыкаю, што ніякія музыкі на свеце не маглі яе пераняць. 2. I калі ўзнікне ветрык, ён чапляецца за збажыну і гуляе ў ёй, і песціцца, а поле здалёк нагадвае ў такі час мора, што злёгку хвалюецца і пераліваецца то светлазялёнымі, то цёмна-сінімі фарбамі. 3. Нібы мацней цяпер пахлі травы і кветкі, нібы нешта новае чуў ён у гомане бору, у шолаху трысця, нібы паднавіліся, расквітнелі ўсе звычайныя фарбы, якія бачыў ён і раней. 4. Цьмянае сонцава кола кружыцца за туманавай заслонай над самымі балотамі і вільготнай мякаццю яго сцірае з сябе санлівасць. 5. Напачатку ляснічы паказаў нам, як гэта робіцца, сам пасадзіў некалькі дрэўцаў. 6. Каго яму баяцца, калі яго самога тут усе баяцца?. 7. Павучок умее кіраваць сваім доўгім серабрыстым караблём. 8. Ніхто табе не перашкаджае: ты можаш размаўляць са сваімі героямі, прыслухоўвацца да іх галасоў, спяваць, не маючы слыху, складаць вершы, не маючы таленту.

Заданне 3. Раскрываючы дужкі, пастаўце займеннікі ў патрэбную форму.

Ад (вы), у (я), пры (сябе), да (мая), да (хто-небудзь), з (абыхто), у (абы-які), з (ніхто), пры (хтосьці), з (той), у (нашы), 195 перад (сам), на (ён), з (хто), за (які), у (яна), з (усе), для (яны), пасля (той), у (мы).

Заданне 4. Складзіце сказы, ужываючы ў розных склонавых формах наступныя займеннікі.

Хтосьці, штосьці, нехта, нешта, хто-небудзь, што-небудзь, чый-небудзь, некаторы, якісьці, нечы, чыёсьці.

Заданне 5. Спішыце, ставячы зваротны займеннік сябе ў патрэбным склоне.

1. Старыя дзятлы пачалі будаваць … дом у сухой асіне пад сучком. 2. Жанчына ўраз здагадалася, што ён паможа, і, узрадаваўшыся мужчынскай сіле, скінула з … насцярожаную панурасць. 3. Як толькі я … помню, штодня даводзілася пачуць нешта новае і цікавае. 4. Пасадзіце, дзеці, … рабінку, не пашкадуеце. 5. Таму і здаецца, што павуцінка сама па … з’явілася, сама па … ляцела, а не павучок перабіраўся на ёй на новае месца жыхарства. 6. Падкурчыўшы пад … пасінелыя ногі і выцягнуўшы доўгую дзюбу, ён шырока распластаў свае крылы, быццам яшчэ намагаўся падняцца. 7. Выпаўзла чарапаха на луг і няспешна пасунулася шукаць … снедання. 8. Тая вера ў …, якую ён адчуваў у сваёй вёсцы, неяк гублялася. 9. Хлопчыку так добра зрабілася на душы, што яму захацелася глянуць на … 10. Не могучы зрабіць што іншае, Рыбак адкінуў кручок і, стараючыся зацяць у … разгубленасць, ступіў з прыбіральні.

Заданне 6. Замест кропак устаўце займеннік свой у патрэбнай форме. Назавіце род, лік, склон займенніка. Растлумачце значэнне фразеалагізмаў і складзіце з імі сказы.

Дзьмуць у (свой) дуду, бачыць са (свой) званіцы, рабіць як не (свой) рукамі, (свой) розумам жыць, паказаць (свой) гонар, не бачыць далей (свой) носа, каб я (свой) дзетак не дагадаваў, не (свой) нагамі ісці, закопваць (свой) талент у зямлю, ісці (свой) парадкам, не ў (свой) талерцы, падстаўляць (свой) галаву пад абух.

Заданне 7. Пры спісванні займеннікі, што ў дужках, пастаўце ў патрэбным склоне; вызначце іх разрад па значэнні, растлумачце правапіс канчаткаў.

1. На фабрыку (я) ўзяў сам гаспадар. Выбраў з (усе) і ўзяў. 2. Максім падняў галаву і не даў (сябе) веры — наперадзе ішла Галя Яленская. 3. Няхай бы ты (яна) след свой пакінуў, каб памятавала (ты) навек. 4. Можа, і да (самы) цябе дабяруся, каб аддзячыць (ты) за ўсю (твая) старую ласку... 5. Гэта я яго рукі бачыла ўвесь час, калі падкідала (ён) ўверх адзежу, нават запомніла (яны), не бачачы (сам) чалавека. 6. Гэта магло скончыцца смерцю (хто-небудзь) з (яны), а можа нават і вяселлем. 7. Антон будзе глядзець на (яна) валавянымі вачыма, а Дзяніс стане расхвальваць сам (сябе). 8. Горад, калі ў (ён) (ты) ніхто не чакае, здаецца асабліва непрыемным. 9. Ды яшчэ трохі было сорамна дзяўчыне перад (усе) ўжо, што на Алесевым возе едзе яна, хоць і ведала, што ўсе гавораць аб (яны) блізкасці, ды яшчэ дагадвалася, што там, ззаду, ведаюць, што яны з Алесем едуць у горад купляць усё к (сваё) вяселлю.

Заданне 8. Спішыце. Вызначце, якую ролю ў сказах выконваюць словазлучэнні не хто іншы, як; не што іншае, як. Сказы з адмоўнымі займеннікамі ніхто, нішто разбярыце па членах сказа.

1. Не хто іншы, як сястра, прыедзе заўтра да мяне ў госці. 2. Нічым іншым, апрача танцаў, ён не займаўся. 3. Нішто іншае дзяўчынку не цікавіла. 4. Не каму іншаму, як роднаму брату, Васіль усё расказаў. 5. Ні з кім іншым брат не сябруе. 6. Студэнтаў цікавіла не што іншае, як гаворка мясцовых жыхароў. 7. У аўдыторыю зайшоў не хто іншы, як стараста групы. 8. У дэканат зайшоў не хто іншы, як студэнт Міронаў. 9. Ніхто іншы не ўмее так прыгожа вышываць ручнікі. 10. Нішто іншае нас не магло ўжо напалохаць. 11. Не з кім іншым, як з Міколам, мы ўчора сустракаліся ў бібліятэцы.

Заданне 9. Спачатку запішыце складаназалежныя сказы, у якіх слова што — злучнік, затым — сказы, у якіх слова што — адносны займеннік. Абазначце графічна сінтаксічную ролю адносных займеннікаў.

1. Аднастайныя, нудныя дажджы, што месяцамі лілі на мокрыя стрэхі, сцюдзёныя вятры, што люта білі ў замерзлыя вочкі-шыбы завеямі, цёплае сонца, што ўставала ў пагодныя дні над купамі алешніку, — усё бачыла гэты востраў заклапочаным, у няспыннай, штодзённай руплівасці. 2. Віка падумала, што ён прыгожы, іх бацька: сярэдняга росту, каранасты, у генеральскім мундзіры, які вельмі яму да твару. 3. Ранішняе сонца, што чырвоніла хвойнік угары, яшчэ не магло прабіцца да нізу, да зямлі, і на рэдкай траве тут мутна трымалася раса, а на пяску значыліся вільготныя цемнаватыя плямы. 4. Дзяўчына паклялася ў думках, што ва ўсім будзе падобна на маці. 5. Углыбіўся, утуліўся ў сябе, прыслухваўся к таму, што дзеецца там, унутры. 6. Алешнік вельмі часта мяшаўся з лазняком, што рос моцнымі дружнымі купамі, уздымаючы ў лясны прыцемак шызыя кучары пераплеценага галля.

Заданне 10. Зрабіце марфалагічны разбор займеннікаў з тэксту

Мы, людзі, часцей за ўсё бачым спачатку толькі сябе і толькі сваё. Вядома, баліць больш за ўсё свая бяда. Калі нам весела, радасна, хораша, тады здаецца, што і ўсім гэтак жа весела і хораша. Тады мы забываемся, што ў гэты час камусьці можа быць дужа кепска. А ўжо калі прыцісне бяда нас саміх, калі зваліцца на нас несуцешнае гора, мы ходзім тады ўчарнелыя і не можам нават уявіць, што ёсць на зямлі зараз людзі, якім хораша і весела, і кожную ўсмешку ці бесклапотны, здаровы рогат успрымаем як асабістую крыўду: маўляў, хіба ў гэты цяжкі час нехта можа яшчэ смяяцца? Шчасце і гора, радасць і бяда заўсёды ўжываюцца побач. Яны, нібы дружныя, хоць і нялюбыя адна адной сёстры, ходзяць па жыцці разам, пабраўшыся за рукі, і ўсё залежыць ад таго, хто з іх першай зверне на чалавека ўвагу (Паводле Я. Сіпакова).

Заданне 11. Спішыце сказы, раскрываючы дужкі. Растлумачце правапіс займеннікаў.

1. Я перажывала высокае, ні(з)чым не параўнальнанае ўзрушэнне. 2. Акаловіч ірвануў з нетраў дзіравае адзежы што(с…ці) малое, цёмнае, чаго Нявада не мог разгледзець. 3. Не развітваючыся і не гледзячы ні(на)кога, ён кінуў там, дзе працаваў, інструменты і спусціўся па сходцах, нічога не заўважаючы навокал. 4. Захапіўшыся, Міця ні(аб)чым не думае. 5. Тут бы (абы)што адказаць, таксама як і ён (абы)што пытае. 6. Чуйныя прыборы ўлаўлівалі (не, ні)шта падобнае на рух, быццам (не, ні)хта спрытны і асцярожны краўся паўз сцены назіральнай станцыі. 7. За ўсё сваё жыццё ён, мабыць, ні(з)кім не пасварыўся, (ні)кога не пакрыўдзіў. 8. Іхнюю звязанасць, няёмкасць і нават неразуменне таго, што (з)імі робіцца. 9. Трэба там пад вялікім дрэвам тры разы засаб зрабіць што(небудзь) такое, чаго сталы чалавек ніколі не робіць, і чакаць, пакуль хто(небудзь) ад іх абзавецца.


Тэставае заданне па тэме “Займеннік”

1. Адзначце, на якія групы падзяляюць займеннікі паводле суадноснасці з іншымі часцінамі мовы:

а) суадносныя з лічэбнікамі;

б) суадносныя з дзеясловамі;

в) суадносныя з назоўнікамі;

г) суадносныя з прыметнікамі;

д) суадносныя з прыслоўямі.

2. Адзначце займеннікі, суадносныя з назоўнікамі:

а) яны;

б) той;

в) што-небудзь;

г) нешта;

д) мой.

3. Адзначце ўказальныя займеннікі:

а) той;

б) мой;

в) гэты;

г) цябе;

д) ваш.

4. Адзначце рад займеннікаў, якія адносяцца да азначальных:

а) увесь, усякі, кожны, любы;

б) свой, мой, твой, ваш;

в) той, гэты, такі, гэтакі;

г) які, чый, каторы, колькі;

д) я, мы, ты, вы, ён, яны.

5. Адзначце займеннік, які не мае формы назоўнага склону:

а) сам;

б) сябе;

в) гэты;

г) свой;

д) тое.

6. Адзначце, у якіх выпадках няправільна ўказана пачатковая форма займенніка:

а) мне — я;

б) нам — мы;

в) табой — той;

г) нічым — нішто;

д) самым — сам.

7. Адзначце займеннікі, якія не маюць родавых адрозненняў:

а) вы;

б) кожны;

в) ты;

г) мы;

д) некаторы.

8. Адзначце сказы, у якіх на месцы пропуску трэба ўжыць займеннік цябе:

а) І мітуслівым днём, і ноччу ціхай у тыя дні думаў пра ... .

б) Мой нізкі паклон ... , мая зямля, на якой я з’явіўся на свет.

в) Спаткаць ... хачу на гэтым раздарожжы і словы вымавіць пяшчоты і кахання.

г) Я падару ... ў дзень нараджэння тваіх любімых чайных руж букет. д) Колькі ні званю — ... ніколі няма дома.

9. Адзначце словазлучэнні, у якіх на месцы пропуску пішацца літара а:

а) суцяшаю с...бе;

б) зрабіў с...бе канапу;

в) пазнаю с...бе;

г) адчуваць с...бе;

д) жыў сам па с...бе.

10. Адзначце адмоўныя займеннікі давальнага склону:

а) нікому;

б) некаму;

в) ніякаму;

г) якому;

д) чыйму.

11. Адзначце сказы, у якіх выдзеленыя займеннікі з’яўляюцца азначэннямі:

а) Увесь свет кружыўся ў снежнай каламуці.

б) Яна не сказала гэтых слоў.

в) Цемра ўсё заліла, затапіла.

г) У яго нарадзіліся нейкія асаблівыя пачуцці да яе.

д) Ніхто не ведаў, якія прычыны засмучалі гэтую добрую горку.

12. Займеннікі я, ты, мы не маюць такой катэгорыі, як
















13. Запішыце займеннік я ў форме роднага склону:
















14. Запішыце займеннік ты ў форме вінавальнага склону:
















15. Займеннік сябе адносіцца да разраду:













































Скачать

Рекомендуем курсы ПК и ППК для учителей

Вебинар для учителей

Свидетельство об участии БЕСПЛАТНО!