СДЕЛАЙТЕ СВОИ УРОКИ ЕЩЁ ЭФФЕКТИВНЕЕ, А ЖИЗНЬ СВОБОДНЕЕ

Благодаря готовым учебным материалам для работы в классе и дистанционно

Скидки до 50 % на комплекты
только до

Готовые ключевые этапы урока всегда будут у вас под рукой

Организационный момент

Проверка знаний

Объяснение материала

Закрепление изученного

Итоги урока

П'еса Георгія Марчука Салодкія слёзы

Нажмите, чтобы узнать подробности

П'еса Георгія марчука "Салодкія Слёзы"

Просмотр содержимого документа
«П'еса Георгія Марчука Салодкія слёзы»

САЛОДКІЯ СЛЁЗЫ


Лірычная камедыя ў дзвюх дзеях


Дзейныя асобы:

Соф’я Мікітаўна — шэсцьдзесят гадоў, былая настаўніца.

Іван Багданавіч Грыва — за шэсцьдзесят, акцёр.

Надзея Іванаўна Мышалава — шэсцьдзесят гадоў, медсястра.

Мікалай Фёдаравіч Галабурда — шэсцьдзесят гадоў, былы боцман.

Любоў Тарасаўна — 55 гадоў, адміністратар тэатра.

Месца дзеяння — горад

Час дзеяння — заўсёды

ДЗЕЯ ПЕРШАЯ

КАРЦІНА ПЕРШАЯ

Кватэра галоўнага акцёра абласнога тэатра Івана Багданавіча Грывы. Убранне сціплае. Але ўтульна. Гадзіннік б’е дзевяць разоў. Адхінаецца заслона.

С о ф’я (трымае ў руках плашч і капялюш). Ваня, ужо самы час. Збірайся. З’яўляецца стомлены і незадаволены муж Соні Іван Багданавіч.

І в а н (папраўляе бабачку). Не ўседзіш спакойна. У выхадны дзень хацеў паспаць, адпачыць.

С о ф’я. У лепшым свеце адпачываць будзем, калі на гэтым заслужым адпачынак.

І в а н. Ціпун табе на язык.

С о ф’я. Заданне зразумеў?

І в а н. У агульных рысах.

С о ф’я. Паўтары.

І в а н. Суцэльная авантура. Першая прыкмета этыкі: не лезь у чужое жыццё.

С о ф’я. Па-першае, калі чужое жыццё ў небяспецы, трэба прыняць удзел у выратаванні. Па-другое, Мікола для нас не чужы. Ён наш адналаснік.

І в а н. Калі тое было. Пры сацыялізме жывуць для другіх, пры капіталізме — для сябе.

С о ф’я. Што Канфуцый на гэта сказаў?

І в а н. Я не памятаю, што ўчора было на абед, а ты пра Канфуцыя.

С о ф’я. Не шукайце новых сяброў, калі ў вас засталіся школьныя дружбакі. Радавацца трэба, што ў чужым горадзе ёсць два нашых аднакласнікі — Надзея і Мікола.

І в а н. Не крыўдуй. Ты ведаеш, чаму мы апынуліся тут. Абяцалі ў гэтым тэатры даць, нарэшце, любімую ролю. Па-другое, трэба было ўратаваць сына ад згубнага ўплыву начнога жыцця сталіцы.

С о ф’я. Ведаю, ведаю. Гэта мой галаўны боль, які ніколі не мінае. Паўтары, што ты мусіш гаварыць і рабіць?

І в а н. Усіх у сваім жыцці пераіграў, ад цара да блазна, але роля свацці — не для мяне.

С о ф’я. Сваццяй буду я. Ты правядзі разведку боем. Запрасі да нас у госці. Па тэлефоне я атрымала сякую-такую інфармацыю. Сорак гадоў усё ж такі не бачыліся. Жыве ён з дачкой. Жонка дзесьці ў Сібіры. Цёмная гісторыя. Ці то яна яго кінула, ці то ён... Дазнаемся. Надзея, як ты ведаеш, была на тваім спектаклі... Яна ў захапленні ад твайго таленту.

І в а н. Няўжо?

С о ф’я. Так. Надзейка ніколі не была замужам. Пазашлюбных дзяцей няма.

І в а н. Шчаслівая. Не трэба жыць у вечным страху.

С о ф’я. Адзінокая вельмі інтэлігентная абаяльная жанчына.

І в а н. Ты мне яе сватаеш ці Мікалаю?

С о ф’я. Параметры Галівуда: 90 х 60 х 90. Усе мы ў класе былі трошкі закаханыя ў каго?

І в а н. У Нікуліна.

С о ф’я. У Мікалая.

І в а н. Вось ты і пракалолася. Сорак гадоў пераконвала мяне, што ніякіх пачуццяў у цябе да марака не было.

С о ф’я. Дзякуй.

І в а н. За што?

С о ф’я. За рэўнасць. Давай да справы. Надзея стамілася ад адзіноты. Свабода неабходная да пэўнага ўзросту... гадоў так да дзесяці... А пасля без людзей сумна... Чым ты старэйшы, тым сум мацнейшы.

І в а н. Страказа.

С о ф’я. Не асуджай чужое жыццё. У яе, значыць, гэткая фартуна. Квітнела марудна. І в а н. Пад шэсцьдзесят саспела.

С о ф’я. Ды я больш пра Мікалая дбаю. Давай, паўтары ўстаноўкі.

І в а н. Намёкамі, буду спяваць пра адзіноту і чароўны Надзейкін характар, якая не супраць знайсці сапраўднага мужыка, з якім і смерць не страшная.

С о ф’я. Закон майго дома: пра смерць, пра старасць — ніводнага слова. Мы аптымісты.

І в а н. Аптыміст — гэта дрэнна інфармаваны песіміст.

С о ф’я. Пагавары ў мяне, Шапенгаўэр... без вячэры застанешся. Далей.

І в а н. Карацей, я мушу заінтрыгаваць і арганізаваць сустрэчу Надзі і Мікалая.

С о ф’я. Правільна. Астатняе бяру на сябе. Мікалай не прыйшоў на першы спектакль з тваім удзелам... у голасе няма бадзёрасці... будзь надзвычай асцярожным... у яго, відаць, дэпрэсія ці непрыемнасці.

І в а н. Як кажуць, у пенсіянераў тры клопаты — паесці, паспаць і адпачыць пасля двух першых.

С о ф’я. Гэта навыдумлялі лайдакі і няўдачнікі. Ваша адміністратар у тэатры Люба даводзіць усім: ах, які артыст прыгажун, гаваркі, гжэчны, міма не пройдзе, каб не падарыць камплімент. Каму ж ты дорыш кампліменты? Не ганьбі нас тут.

І в а н. Мама... не бяры да галавы.

С о ф’я (дае грошы). Вось табе... апошнія... на бутэльку сухога чырвонага і на цыгарэты.

І в а н. Маракі звычайна мацнейшае п’юць. Джын, віскі.

С о ф’я. Я тут чалавек новы, клапачуся пра ягонае здароўе.

І в а н. Зразумеў. Званок дамафона.

С о ф’я (зняла трубку). Слухаю?

Голас за сцэнай: Соф’я Мікітаўна, гэта я, Люба, адміністратар тэатра. Можна да вас на хвілінку?

І в а н. Не інакш, як грошы прасіць. Я пакуль што схаваюся ў ваннай.

С о ф’я. Адчыняю! Ідзе ў пярэдні пакой і вяртаецца з Любай, апранутай у шыкоўны халат ва ўсходнім стылі. Халат смела расхінуты. Люба не саромеецца агаляць свае ногі.

Л ю б а. Я, Соф’я Мікітаўна, на хвілінку. Іван Багданавіч адпачывае?

С о ф’я. Ён у ваннай.

Л ю б а. Вой, прабачце, што з самага ранку. А... сёння ж (глядзіць у сшытак) неспрыяльны дзень, нельга да абеду дакранацца да вады, але яшчэ могуць пацярпець і косці, не рабіце аперацый на зубах і пазваночніку.

С о ф’я. Пакуль што не планавалі. Вы, Любоў Тарасаўна, прафесар у галіне астралогіі.

Л ю б а. Але ж і гэта ўжо не корміць. Цяжкія часы для работнікаў культуры. Адчуваю, што я яшчэ гэткая неадукаваная, цёмная, можна сказаць, дурніца дурніцай. Толькі сёння дазналася, што ў Тэтчэр, англічанкі, нумар абутку 38,5. Век жыві, век вучыся. Я спецыяльна забегла да вас, каб пазычыць дзесяць долараў для роўнага ліку.

С о ф’я. Не зразумела. Вы ж мне вінаваты ўжо дзесяць, роўная лічба.

Л ю б а (паказвае свой сшытак). У кожнага народа свае магічныя лічбы. Вось тут сказана: трэба адмяніць аперацыю на страўніку ўсім, хто жыве ў кватэры 71.

С о ф’я (тройчы плюе ўбок). Вось напалохалі.

Л ю б а. І побач — будзьце добрымі і шчодрымі і на наступны дзень атрымаеце ўдвая. Чуваць, як ля дзвярэй скуголіць сабачка. У нас заўтра зарплата. Абяцалі за апошнія паўгода прэміяльныя. У тэатры пазычыць няма ў каго. Калі ў народнага няма, значыць, культуры канец.

С о ф’я. Іван Багданавіч? Іван! Ваня, выведзі сабаку на вуліцу! Няўжо ты не чуеш, што скуголіць? Чуваць, як бразнулі дзверы.

Л ю б а. Ён з ваннай у трусах на... вуліцу. Морж?

С о ф’я. Хай загартоўваецца.

Л ю б а. Мой таксама, п’янчужка недарэчны, хацеў завесці бульдога. А я кажу: паглядзі на сябе ў люстэрка. Хопіць і аднаго бульдога. У вас якой пароды?

С о ф’я. Карлікавы пінчэр.

Л ю б а. У суседа над намі таксама маленькі сабачка, а пісае, як два бульдогі. Цяперака і пінчэр больш за мяне мяса есць.

С о ф’я. Наш на рыбу перайшоў.

Л ю б а. Божа мой, яшчэ даражэй. Соф’я дае Любе грошай. Ды не збяднее рука таго, хто дае. Я ў даўгу не застануся. На вашага мужа глядач пайшоў. Раней у тэатры сядзелі чалавек пятнаццаць, цяпер семнаццаць. Гэта поспех. Пайшоў глядач, пайшоў. Я ўсё буду рабіць, каб новы галоўны рэжысёр даў Івану Багданавічу ролю Ліра. На ролю Кардэліі ўжо прызначана жонка галоўнага.

І в а н (з парога). Не можа быць!

С о ф’я. Божа, як напалохаў.

Л ю б а. Вой, добрай раніцы. Прабачце, я ў негліжэ. Па-хатняму, без прычоскі.

І в а н. Дык яна ж тоўстая. Ёй і па ўзросце, і па камплекцыі трэба Каробачку Гогаля іграць.

Л ю б а. Толькі не гаварыце гэтага на людзях. Век ролі не ўбачыце.

І в а н. Ды я на мастацкім савеце выступлю.

С о ф’я. І што? Будзем зноў шукаць тэатр?

Л ю б а. Маўчанне — золата. У нас жа ўсё вырашае адзін чалавек, галоўны.

С о ф’я. Хто за табой пойдзе? Людзі трымаюцца за свае месцы з апошніх сіл. Мы чакалі гэтай ролі дваццаць гадоў. Лебядзіная песня, можна сказаць.

Л ю б а. Я б так не сказала. Нашы жанчыны ўсе страцілі розум ад Івана Багданавіча, але памятайце, сёння могуць турбаваць канечнасці і страўнікава-кішэчны тракт, стрымлівайце адмоўныя эмоцыі. Я пабегла. Сабачка не кусаецца? Выпусціць?

С о ф’я. Выпусціць. Люба выходзіць.

І в а н. Жах! Што робіцца?

С о ф’я. Кожны рве, дзе можа. У гэтым горадзе хоць парадак, закон, а то прыйшоў бы якісь алігарх і на ролю Кардэліі сваю бабу прызначыў бы.

І в а н. Яна ж бяздарная.

С о ф’ я. Жонка галоўнага не можа быць бяздарнай — закон трупы. Ёй таксама хочацца славы і хочацца есці. Я так усіх стала шкадаваць.

І в а н. Не. Я прынцыповы.

С о ф’я. Рабі, што хочаш, ты мне галоўную справу не правалі. Да мяне сёння прыйдзе Надзея.

І в а н (бярэ капялюш). Што там сёння абяцае гараскоп?

С о ф’я. Дзень вельмі прыдатны, каб распачаць нейкую справу (чытае), сцеражыцеся ўсяго, што можа выклікаць алергію, і памятайце пра мужчынскую энергію.

І в а н. Зразумеў.

С о ф’я. Без Міколавай згоды не вяртайся. Не можа быць, каб у мяне не атрымалася.

І в а н. А раптам я прыкладу ўсе сілы, а ён не згодзіцца. Здаволіўся жаночай ласкаю і сямейнай утульнасцю. Як зацікавіць?

С о ф’я. Ах, ты, двоечнік. Скажы тады, што я хачу адрадзіць наш школьны квартэт з прыцэлам на фестываль. Ён любіў спяваць і танчыць, клюне.

І в а н. У вынаходлівасці табе не адмовіш, малайчына. Іван выходзіць.

С о ф’я. Не ведаю, далібог, хто на самай справе паходзіць з рабра, мы ці яны. Па-мойму, яны. Зацямненне.

КАРЦІНА ДРУГАЯ

Кватэра Мікалая. Тут шмат што нагадвае пра мора і пра былыя паходы гаспадара. У кватэры Мікалай і Іван. Яны ўжо выжлукцілі тры бутэлькі чырвонага віна. Шум акіяна.

І в а н (гучна). Ды ты... ты абшчэ... а я... пакуты, а не жыццё.

М і к а л а й. Стоп машына. Не! Не. Памаўчы. Тваё жыццё ўдалося. Народны артыст. Во фільм. У галоўнай ролі ты.

І в а н. І калі тое было.

М і к а л а й. Я на відэа запісаў і сваім матросам на падлодцы паказаў разоў гэтак пяцьдзесят. Клас можа ганарыцца табой. (Выключае магнітафон і шум акіяна знікае.)

І в а н. Не! Маё жыццё няўдалае! Гэта тваё ўдалае. Ты прайшоў усе моры і акіяны. Быў у экстрэмальных сітуацыях. Абаронца Айчыны. Храбрасць, мужнасць. А я блазнаваў у танных п’есках, дзе аўтары здзекаваліся з майго народа... І маўчаў, вяшчаў са сцэны іхнюю атруту.

М і к а л а й. Перабольшваеш. Ведаеш, калі не спраўджваецца асабістае жыццё, не спраўджваецца жыццё ўвогуле.

І в а н. Па-твойму, ва ўсім вінаватыя жанчыны?

М і к а л а й. Ва ўсякім разе яны адыгрываюць лёсавызначальную ролю.

І в а н. Расказвай, мне цікава.

М і к а л а й. Не хацелася варушыць старое, але табе скажу. Я доўга не жаніўся. Служыў ва Уладзівастоку. Была яна бялявая. Гарэзлівая. За ёю шмат хто ўлягаў. Яна і песню першай за сталом заспявае, і анекдот раскажа. Душа кампаніі. Мяне адгаворвалі, таемна яна сустракалася з памочнікам капітана траўлера. І я не бязгрэшны. Угаварыў. Нібыта і яна да мяне пацягнулася. Вырашыў звезці яе. Падаў рапарт пра перавод у Севастопаль. Мы ў паход. А яна, як данеслі, на самалёт і ва Уладзівасток. Ну, тут катаклізмы, развал, флот захістаўся. Дачцэ нашай было сем гадоў. Я яе адзін паднімаў.

І в а н. І дзе яны зараз?

М і к а л а й. Хто?

І в а н. Дачка з жонкай.

М і к а л а й. Не ўсё так, як хочацца. Жыла нейкі час у яе, зараз са мной... дакладней, у адным горадзе. Здымае кватэру і хоча з’ехаць у Амерыку. Іх, маладых, ачмурылі, галовы ім задурылі, што там усе купаюцца ў раскошы, а ў нас шалеюць бандыты ды алігархі.

І в а н. У нас яшчэ нішто сабе. У Расіі горш. А жонка што?

М і к а л а й. Жонка ва Уладзівастоку трагічна загінула.

І в а н. Сапсавала табе жыццё.

М і к а л а й. Я цяпер жанчын абыходжу... гадоў гэтак дзесяць.

І в а н. Мы з табой дзве гадзіны выдатна бавілі, але кансенсусу не дасягнулі. Скажы, у цябе цукровага дыябету няма?

М і к а л а й. Не.

І в а н. Ціск?

М і к а л а й. 130 х 90.

І в а н. Для нас гэта класіка. Нерухомасць?

М і к а л а й. Кватэра, матацыкл.

І в а н. Грыжа, падучая?

М і к а л а й. Не.

І в а н. Радыкуліт?

М і к а л а й. Часам.

І в а н. Ды цябе хоць зараз на ролю Дон-Жуана.

М і к а л а й. Ты скажаш!

І в а н. Усё спраўдзілася. Зрабі сваё жыццё яшчэ лепшым.

М і к а л а й. Дачка просіць даць дазвол на выезд. Не магу падпісаць.

І в а н. Чаму?

М і к а л а й. Колькі ўжо нашых прыгажунь падманамі-абяцанкамі вывезлі ў бардэлі Стамбула, Ізраіля, Іспаніі.

І в а н. Хіба ж яны не ведаюць, куды іх вязуць? Не шкадуй.

М і к а л а й. Свае ж дзеці. Не ўсё ведаюць.

І в а н. Я са сваім сынам таксама паразумецца не магу. Плюнуў і паслаў к чорту. Жыві як хочаш. Памянялі кватэру. Купілі для яго аднапакаёўку. Мы са сваімі каштоўнасцямі вельмі рана састарэлі. Ім хочацца незалежнасці, многа грошай, і адразу, вольнага жыцця. Жах. Жыве асобна, нідзе не працуе, увесь час шукае вялікага заробку. Камп’ютэр, Інтэрнет, начныя клубы, зараз магазін аўтазапчастак з кімсьці адкрывае. Прыносім харчы, дзесяць долараў пад дзверы — у іх іншая валюта не каціруецца. Абыякавасць. Не запытае — можа, апошнія дзесяць долараў? Жаніцца не хоча. Ты не павінен заставацца адзін. Надзя была ў цябе закаханая.

М і к а л а й. Але я быў да яе абыякавы.

І в а н. Больш важна тое, што яна цябе кахала, а не ты яе.

М і к а л а й. Не ўгаворвай. Няма таго, што раньш было. Усё думаю... Можа, мне трэба было тады паехаць ва Уладзівасток? Быў ганарлівы. Можа, я вінаваты ў яе пагібелі?

І в а н. Не дакарай сабе за былое. Надзя лялечка, 90 х 60 х 90.

М і к а л а й. Чакай, ёй жа шэсцьдзесят.

І в а н. Талія шэсцьдзесят. А выдае яна на сорак. Хутканогая лань.

М і к а л а й. З пратэзамі і сіліконам.

І в а н. Парфюм. О... масаж, падцяжкі. Яна спрачаецца з часам.

М і к а л а й. Не. Я на якары. Нельга пасля шасцідзесяці свае звычкі, турботы, свой унутраны свет навязваць другому.

І в а н. Чаму навязваць? Адкрый душу, можа, твой унутраны свет умацуе і яе стан душы. Я магу цябе зразумець, але ты ведаеш маю львіцу Соф’ю. Як выбралі мы яе тады старастай, дык дагэтуль расхлёбваю. Яна не можа пазбавіцца комплексу ўсіх павучаць.

М і к а л а й. Не. З Надзяй пытанне закрытае.

І в а н. Дзеля мяне. Прыйдзі да нас у госці. Мая задумала адрадзіць наш квартэт.

М і к а л а й. Вось гэта больш прыемна. Самы светлы ўспамін юнацтва.

І в а н. У маёй грандыёзныя планы. Гастролі па ўсёй Еўропе.

М і к а л а й. Справа добрая, але ж Надзя думае пра сваё. Як бы гэта падмануць яе?

І в а н. Гэта зрабіць проста. Прыдумаем табе імідж. Капітан дальняга плавання?

М і к а л а й. Боцман.

І в а н. Не мужчына-прыгажун... а прыйдзе другі... квітнее склероз, неўзабаве расквітнее маразм, кажа абы-што, глухаваты.

М і к а л а й. А ці атрымаецца?

І в а н. А мы наладзім рэпетыцыю.

М і к а л а й. Не хачу крыўдзіць Надзю. Хіба скажаш ёй адкрыта: не хачу з табой дажываць. Сорамна.

І в а н. Усё само стане на сваё месца. Я заданне выканаў. Чакаем цябе ў суботу вечарам. Я ж Соняй канфліктую. Яна, напрыклад: трэба цела правадыра пакінуць у маўзалеі, а я ёй — не, трэба вылюдка прыбраць. На цэлую гадзіну вэрхал. Тыдзень не размаўляем. Не корміць. На сцэне падчас спектакля магу зжэрці ўсе бутэрброды. (Разлівае віно.) Давай за нас, мужыкоў, яшчэ па адной.

М і к а л а й. Давай. За цябе, вялікага артыста.

І в а н. Паўтары.

М і к а л а й. За вялікага артыста.

І в а н. Гэта шчыра?

М і к а л а й. Як перад Богам.

І в а н. Дай я цябе пацалую, браце. (Цалуе.) Няма прарока ў сваёй Айчыне. Сын мне ніколі не сказаў, што я сапраўдны, не вялікі, а сапраўдны артыст.

М і к а л а й. І мая зрабілася для мяне чужой. Усе мае думы: як мне ўтрымаць яе на радзіме. А Надзя... бялявая?

І в а н. Калі трэба — перафарбуем, ты толькі скажы.

М і к а л а й. Гэта так, да слова. Дык яна замужам так і не была?

І в а н. Не.

М і к а л а й. Таксама подзвіг. Адной цяжка.

І в а н. Яны, бестыі, жывучыя, і хітрыя, і нахабныя. У маладосці я быў надумаў сысці да адной опернай спявачкі. Чорт папутаў. Дык што мая робіць? Вучыць нотную грамату, уладкоўваецца ў дапаможны склад хору, усё цішком, і спявачцы ў дзень прэм’еры на сцэне ў «Аідзе» такую мітрэнгу наладзіла, што тая пасля ад стрэсу паўгода лячылася.

М і к а л а й. А ты? А табе што?

І в а н. Ну, я сказаў, што згодны, каб цела правадыра заставалася ў маўзалеі. Даравала. А то б вушы адарвала. У жанчын ёсць адна слабасць: яны паддаюцца ўнушэнню.

М і к а л а й. З часам гэта не мінае?

І в а н. Не. Касі пад трохі вальтанутага, і яны застануцца пры сваіх інтарэсах. О, ідэя! У цябе 52, рост 3? Я дам табе касцюмчык свайго сына. Да сустрэчы, браце.

І в а н. Да хуткай. Я прыйду. Іван выходзіць. Тэлефонны званок.

М і к а л а й. Слухаю. Голас дачкі: Гэта я. Ты падпісаў?

М і к а л а й. Я па тэлефоне такія рэчы не вырашаю. Чаму ты пазбягаеш мяне, не хочаш гаварыць? Голас: Я прыняла канчатковае рашэнне. Няма патрэбы сустракацца. Мы не разумеем адно аднаго.

М і к а л а й. Я не падпішу. Будзеш наймаць кілера? Голас дачкі: Не, буду шукаць іншых шляхоў, у тым ліку і супрацьзаконных.

М і к а л а й. Паслухай... Прыйдзі дахаты... Прашу цябе... Кароткія гудкі.

КАРЦІНА ТРЭЦЯЯ

Кватэра Івана і Софіі. Без зменаў. Тэлефонны званок.

С о ф’я. Юра, сынок, не кідай трубкі. Супакойся. Пенсія ў нас восьмага, а татаву зарплату ў тэатры затрымалі на тыдзень. Я ж перадала табе і курачку, і тміннай каўбаскі, што ты любіш. Тата прывязе грошы. Патрывай. І абавязкова еш супчык. З тваім гастрытам нельга сядзець на сухамяці. Гудкі.

Н а д з е я (сядзіць ля журнальнага сталіка, курыць. На століку бутэлька лікёру). Дык я і кажу, што мне распачынаць бізнес запозна. Няма першапачатковага капітала, не паспела накрасці. Праблема бацькоў і дзяцей?

С о ф’я. Страчанае пакаленне, сапсаванае свабодаю. Яны проста не паспяваюць з-за адсутнасці пазітыўных ідэй набраць неабходную для іхняга ўзросту духоўную вышыню.

Н а д з е я. Але так было заўсёды. Чалавек па прыступках узнімаецца да Бога паступова. С о ф’я. Мы ў іхнім узросце жылі годна і вольна.

Н а д з е я. Годна і вольна можа жыць багаты. А маёй пенсіі хапае на камунальныя выплаты, сасіскі з кабачковай ікрой і раз на тыдзень мяса. Танныя цыгарэты куру. Старасць — гэта караблекрушэнне, у якім ніхто не ўратуецца.

С о ф’я. Кідай курэнне, гэта шкодна. Надзя, ты ж разумееш, дзяржаве цяжка: толькі паднялі сельскую гаспадарку, узнялі прамысловасць. У цябе могуць быць якія заўгодна палітычныя погляды, але аснова ў нас адна — інтарэсы дзяржавы вышэй за інтарэсы асобы.

Н а д з е я. А вось радыё «Свабода» кажа зусім наадварот.

С о ф’я. А ты яе больш слухай — яна прывядзе да нянавісці ўсіх да ўсіх і да сваёй дзяржавы. Наіўная, каму ў свеце радасна ад таго, што ў нас усё як мае быць, усё па-людску, не просім падачак. Ды нікому. Свабода траціць для адных і свабода зарабляць для другіх — розныя рэчы.

Н а д з е я. Што мне ўвесь свет, у мяне сваё жыццё.

С о ф’я. Ты не маеш рацыі. Усё добрае на зямлі павінна цікавіць і радаваць. Вось, напрыклад, адбылася прэм’ера балета ў Манголіі. Цяжка жыць, бяднейшыя за нас і раптам балет. Аднавілі ў Дрэздэне прыгожы храм Багародзіцы. Сусветны шэдэўр. Радасць. У нас у горадзе лядовы палац узвялі, дык радуйцеся, ёсць куды дзеткам хадзіць... Гэта ў цябе комплекс ад адзіноты. Трэба пачувацца часткай роду людскога.

Н а д з е я. Я ўсё жыццё дзеля гэтага роду людскога і працавала.

С о ф’я. І выдатна. Колькі ты жыццяў уратавала, мая дарагая аперацыйная сястра. Колькі разоў адцягвала смерць на сябе. У цябе самая высакародная і патрэбная прафесія з усяго нашага класа, мышка ты мая родная. Вось таму мне цябе і шкада, што ты лепшыя пенсійныя гады ў адзіноце бавіш, з цыгарэтай ды тэлевізарам.

Н а д з е я. Мне добра адной. Я прывыкла.

С о ф’я. Не будзе каму і віна падаць.

Н а д з е я. Са словамі: хутчэй бы ты ўжо спруцянела.

С о ф’я. Ты ж была ў яго закаханая больш за нас усіх.

Н а д з е я. Перабольшваеш. Усё забылася.

С о ф’я. Сапраўднае першае каханне не забываецца ніколі. Гэта вулкан, які спіць да часу. Заўтра ён прыйдзе да нас у госці дзеля цябе. Мой і не ўгаворваў доўга. Асабістае жыццё ў яго не наладзілася. Ці то яна здрадзіла, ці то ён затрымаўся на падлодцы. Загінула яна недзе ў Сібіры.

Н а д з е я. Божа!

С о ф’я. Фартуна.

Н а д з е я. Не. Зводніцтва не для мяне. Я бедная, а значыць, ганарлівая.

С о ф’я. Зводніцтва дзеля грошай, а сватанне дзеля працягу роду.

Н а д з е я. Не зразумела.

С о ф’я. Духоўны працяг роду, умацаванне духоўных каштоўнасцей праз свае ўчынкі і словы. Балазе не так даўно ў Румыніі жанчына ў 62 гады нарадзіла. Калі ты захочаш трапіць у кнігу рэкордаў Гінеса — калі ласка.

Н а д з е я. Скажу табе шчыра — я феміністка. У клубе з такімі самымі, як сама, дала клятву не набліжацца да гэтых паскуднікаў бліжэй, як на два метры.

С о ф’я. Ах, вось яно што.

Н а д з е я. Мне сорамна, але я яшчэ не сядзела ў імпартнай машыне.

С о ф’я. Іван пакатае цябе на нашым старэнькім «фольксвагене». Бач, дзіва! Ён без цябе дня не можа пражыць.

Н а д з е я. Але ён не бачыў мяне трыццаць гадоў, трыццаць тры. Смешна.

С о ф’я. Адкажы, ты патрыётка?

Н а д з е я. Нягледзячы на прыніжальную галечу, я адданая сваёй радзіме.

С о ф’я. Дык вось. Я не хацела гаварыць. Лічы, што гэта даручэнне КДБ, зараз, калі няма даручэнняў КПСС, усе даручэнні ад КДБ. Трэба ратаваць краіну.

Н а д з е я. Што гэта значыць?

С о ф’я. Ягоная дачка маецца збегчы ў Амерыку. Яна таленавіты дызайнер, накшталт архітэктара. Разумееш, яна і такія, як яна, таленавітыя з’едуць. Чужыя людзі будуць купляць нашу зямлю, нерухомасць, розум... Не будзе каму прымнажаць славу айчыны... і ўнукі зробяцца рабамі. Мікалай адзін змагаецца з ідэалогіяй лёгкага жыцця.

Н а д з е я. На Захадзе не ўсё так кепска, як ты думаеш. Тэхналогіі і дэмакратыя. Паўсюдная барацьба з галечай і карупцыяй.

С о ф’я. Дапамажы яму ўратаваць таленавітую дачку. Бачыш, у мяне ў футарале акардэон. Я, як пераехалі сюды, да яго не дакраналася. Пылам пакрыўся. Гэтак і жанчына без мужчыны падобная на акардэон у футарале. Утрымаем дачку, у нас будуць новыя прыгожыя вакзалы і бібліятэкі.

Н а д з е я. Я цаню твой розум, твай патрыятызм, але не патрабуй ад мяне больш. Я буду лаяльнай і гжэчнай, уважлівай і добрай. Але рабіць з сябе абы-што не дазволю.

С о ф’я. Гэта ўжо сур’ёзная размова. Званок дамафона.

С о ф’я. Слухаю.

Голас Любы: Гэта я, ваша суседка з першага паверха, Люба.

С о ф’я. Адмыкаю. Уваходзь. (Паўза. Уваходзіць Люба.) Пазнаёмся, гэта мая аднакласніца Надзея Мышалава.

Л ю б а. Любоў Тарасаўна, можна па-вясковаму, проста Люба. Прабач, Соф’я Мікітаўна, дзесяць долараў трэба заплаціць аднаму маладому чалавеку за сотавы тэлефон. Прыгажун, толькі пасля інстытута, у іх 70 долараў заробак, з іх 20 за інтэрнат. Гожанькі такі... Не асуджайце, бабанькі, марную жыццё, гуляю як хачу. Мой прапаршчык то ў шпіталі, то ў санаторыі, то ў доме адпачынку, то ў выцвярэзніку. У мяне другая маладосць. Прыкольна. Я з ім расту інтэлектуальна. Я ж дурніца была, сёння толькі дазналася, што К. Цэткін — гэта жанчына.

С о ф’я. Груба, Люба.

Л ю б а. Семкі. Ты бачыш, што амерыканцы па тэлевізары паказваюць... А слоўцы... Суцэльны адпад.

С о ф’я. Трэба супрацьстаяць разбурэнню, а не капіраваць.

Л ю б а. Як?

С о ф’я. Стваральніцтвам. Стварай са стваральнікам і сузірай тое, што ствараеш.

Л ю б а. Позна. Ужо нічога не ствараю. Толькі спажываю. Вам зайздрошчу. Пенсія. Свабода. Восьмага атрымай сваё кроўнае, а ў нас стрэсы праз затрымку заробку (гартае сшытак). Што ў нас сёння? Аддаць даўгі. Аддала. Фізічная нагрузка дабратворная. Секс не супрацьпаказаны. Дзесяць я аддала, дзесяць за мной. Ты высакародная, даеш не пад працэнты. Адлятаю, адлятаю. Люба выходзіць.

С о ф’я. Так. Сапраўдную існасць жанчыны можа ведаць толькі люстэрка. Вось што, Надзейка, вазьмі гэтыя дзесяць долараў.

Н а д з е я. У пазыку?

С о ф’я. Не. Гэта падарунак. Купі дарагіх цыгарэт, лікёр «Амарэта». Памятаеш дзесяты клас... ах, як ён адбіваў чачотку, у цяльняшцы быў.

Н а д з е я. Памятаю. «Амарэта» цяпер не прадаецца.

С о ф’я. Тады купі крэветак. Трэба пачаставаць яго чымсьці экзатычназаморскім.

Н а д з е я. Мне цяльняшку апрануць?

С о ф’я. Добрая ідэя.

Н а д з е я. Урачыста.

С о ф’я. Сучасна. Экстравагантна. Купі цельнік.

Н а д з е я. А ці не буду я выдаваць смешнай? І ўвогуле, ці не падобна гэта на цырк?

С о ф’я. Надзейка, мілая мая мышка, пазбаўляйся штампаў. У нас квартэт, не забывай. Успомнім былое, заспяваем, патанчым, парадуемся.

Н а д з е я. Але ж нельга двойчы ўвайсці ў адну і тую ж ваду.

С о ф’я. Хто гэта сказаў?

Н а д з е я. Геракліт.

С о ф’я. Відаць, у яго балеў мачавы пухір... таму ён другім разам не пайшоў, каб канчаткова не прастудзіцца. Забудзься на гады. Песня лечыць душу.

Н а д з е я. Божа, я дваццаць гадоў не спявала.

С о ф’я. І я даўно не практыкавалася.

Н а д з е я. Іванавай славы хопіць на ўсю вашу сям’ю.

С о ф’я. Ён пакутуе. Уся надзея на ролю караля Ліра. У іх, артыстаў, свой комплекс: памерці на сцэне.

Н а д з е я. Дай я на картах кіну.

С о ф’я. Ты ўмееш?

Н а д з е я. Сёй-той казаў, што ўсё спраўджвалася.

С о ф’я (працягвае карты). Паспрабуй. Толькі калі выпадзе кепская карта, ты мне не гавары...

Н а д з е я. І я веру ў забабоны. (Варожыць.) Ну, вось... (Разглядае карты.)

С о ф’я. Сяджу адна, уначы не магу заснуць да другой гадзіны. Думаю, дзе ён бадзяецца...

Н а д з е я. Няўжо і ты няшчасная?

С о ф’я. Формула шчасця ўключае і такое паняцце, як неспакой. У адным спакоі шчасця няма. Вось Адам і Ева ўцяклі з раю. Са спакою, сытасці, цішыні.

Н а д з е я. А я баюся дэпрэсіі.

С о ф’я. Не думай штодзень пра смерць і не будзе дэпрэсіі.

Н а д з е я. Відаць, такіх, як ты, смерць баіцца.

С о ф’я. Можа быць. Я выключыла са свайго лексікону тры словы: хвароба, старасць, смерць. Я яшчэ не спатоліла душу радасцю жыцця.

Н а д з е я. Ну вось... Удар ад жанчыны. (Разглядае карты.)

С о ф’я. Не ад дзяўчыны? Ад жанчыны.

Н а д з е я. Ад жанчыны. Але застаецца неблагая карта. Чорнае ўсё сыходзіць. С о ф’я. Будзем трымацца разам, не загінем.

Н а д з е я. Нездарма мы ўсё ж абралі цябе старастай класа.

С о ф’я. Ты гэта майму Івану скажы. Ён сцвярджае, што тое абранне саслужыла кепскую службу: вырасла ў дыктатара.

Н а д з е я. Ён павінен цябе на руках насіць.

С о ф’я. Яму пінчэра цяжка падняць. Дай Божа, каб падаваў руку, калі з прыступак спускаюся. Ай, што з іх узяць, казлы, адным словам.

Н а д з е я. Ну, дык я пайду.

С о ф’я. Рыхтуйся. Надзея выходзіць, але адразу ж вяртаецца.

Н а д з е я. Хацела яшчэ спытаць... Пра балет... пра Манголію... Пра што там іхні балет?

С о ф’я. Пра жанчыну, якая грашыла, а пасля пакаялася.

Н а д з е я. І ў іх усё гэтаксама, як у нас?

С о ф’я. А ты думала... Да заўтра.

Н а д з е я. Да заўтра.

КАРЦІНА ЧАЦВЁРТАЯ

Кватэра Івана і Соф’і. Змяркаецца. За столікам Соф’я і Надзея ў цяльняшцы.

С о ф’я. Ваня! Іван Багданавіч, хопіць ужо прыхарошвацца, хадзі да нас. У артыстаў адна хвароба — нарцысізм. Педант. Знешні понт. Нутро гнілое, а на шыі бабачка. У туалет ідзе з бабачкай. Уваходзіць Іван. У белай кашулі, з бабачкай. На поясе фартух.

І в а н. Курыца ў духоўцы.

С о ф’я. А ты перад адыходам у вечнасць сыграў ёй ролю пеўня? Сядай. Надзю цікавіць больш глыбокая ацэнка паводзін Мікалая.

І в а н. Ён уклаў усе грошы ў піраміду і прагарэў. Праз гэта нібыта трохі памуціўся розум. Надта ж перажывае.

Н а д з е я. Хто зараз не хоча зрабіцца багатым? І стары, і малады.

І в а н. Заклапочаны.

С о ф’я. Чым?

І в а н. Не хапае грошай.

С о ф’я. Вылечым. Як выглядае?

І в а н. Не састарэў, чорт. Герой. Любяць герояў, а ў ложак кладуцца з комікамі. Гучны шум матацыкла.

С о ф’я. Бабнік, ты заўсёды быў сексуальна заклапочаны. Званок дамафона. Слухаю? Так-так, гэта мы, Міколка. Зачакаліся. Адмыкаю. Ваня сустрэне. Нарэшце.

Н а д з е я (папраўляе парык). Незразумелае хваляванне. Дайце цыгарэту. Спадчыннае.

С о ф’я. Цярпенне. Як кажуць яўрэі, не крыўдуй на сваю спадчыннасць, у самы цяжкі момант яна табе дапаможа. Уваходзіць Мікалай. Ён у касцюме рокера. Ззаду валасы заплецены ў коску. У руках букет кветак і бутэлька самагонкі.

М і к а л а й. Ну, вось і я, хлопцы і дзяўчаты, ваш Мікола Галабурда. Паўза. Усе нібыта знямелі. Не пазналі?

С о ф’я. Прыкольна, прыкольна. Вось гэта сюрпрыз. Давай цалавацца.

М і к а л а й. Давай, Надзя.

С о ф’я. Надзя вось яна, Мікола, ты не пазнаў. Я Соня.

М і к а л а й. Прабач. Усе па чарзе цалуюць Мікалая.

Н а д з е я (убок). Я магу і пайсці.

М і к а л а й. Гэта ж трэба, не пазнаў.

С о ф’я. Не пазнаў ці не памятаеш?

М і к а л а й. Не пазнаў. С о ф’я. Гэта іншая рэч.

М і к а л а й (да Івана). Ты ж казаў, што яна не бялявая.

І в а н (да Мікалая). Сёння бялявая, заўтра чарнявая. Былі б грошы.

М і к а л а й. Самагонку прыміце як сувенір радзімы. Трымайце для нядобрых гасцей і падатковых інспектараў. Іван забірае бутэльку.

С о ф’я. Кветкі Надзейцы. (Садзіць на канапе Мікалая і Надзею побач.) (Да Надзеі.) Антыглабаліст, ці што?

Н а д з е я. Магу толькі здагадвацца.

М і к а л а й. Мышка, ты зусім не пастарэла.

Н а д з е я. Дзякуй.

М і к а л а й. Галоўнае — арэндную плату своечасова ўносіць, каб ведамасці былі ў парадку... Пасля пеня і ўсё астатняе.

С о ф’я. Напоўнім кубкі, дарагія мае. Ваня, не зявай. Бяры бутэльку. Іван адкаркоўвае віно і каньяк.

М і к а л а й. Я таксама ўзяў прыватызацыйныя чэкі і жыллёвыя, а што за толк.

С о ф’я. Хвілінку ўвагі. На правах старасты. Гэта гістарычная падзея. У пяцьсоттысячным горадзе нас толькі чацвёра аднакласнікаў, знакаміты квартэт. Зноў разам. Дарэчы, з арабскай «бяда аль бідэ» перакладаецца як «разам».

Н а д з е я. Ты і гэта ведаеш?

М і к а л а й. Мы ўсплывалі на Паўночным полюсе, я там не бачыў ніводнага араба...

С о ф’я. Там і неграў няма. Успаміны пасля. За адчуванне локця, за нас, за школу, за братэрства. Да дна. Ура!

Усе паўтараюць тройчы «Ура, ура, ура!» Выпілі.

С о ф’я. Я сваім вачам не магу даць веры: Коля сядзіць побач з Надзяй, як тады.

М і к а л а й. Выдатны каньяк. Дзе ўзялі?

І в а н. За кроўныя.

М і к а л а й. Я ў крэдыт таксама браў віно. Дэпазіт нулявы.

Н а д з е я (да Соф’і). Па-мойму, ён пераседзеў на падводнай лодцы, вярзе чорт ведае што.

С о ф’я (да Надзі). Каньячок трохі расплавіў мазгі, не звяртай увагі.

Н а д з е я. Дзіўны нейкі. Можа, арыентацыю змяніў.

С о ф’я. Ціпун табе на язык. Увага. Пра перажытае пасля. Вось інструмент, да якога не дакраналіся гадоў гэтак пяць. Квартэт, у адну шарэнгу станавіся. Усе ўстаюць з-за стала. Соф’я падштурхоўвае Надзею бліжэй да Мікалая. Бярэ акардэон.

С о ф’я. Спадзяюся, не забылі.

М і к а л а й. Каго забілі?

С о ф’я. Не забылі, а не забілі (гучна).

Н а д з е я. Па-мойму, у яго і са слыхам праблемы.

С о ф’я. Я буду напамінаць мелодыю акордамі і трыма-чатырма нотамі.

І в а н. Угадай мелодыю з пяці.

М і к а л а й. Што, дзе, калі?

Н а д з е я. Гэта другая гульня.

С о ф’я. Такім чынам, увага.

М і к а л а й. Я бацаю ўсё ў стыле рока, мне будзе цяжка.

С о ф’я. Перавучвайся назад. Мы традыцыі не ламаем. Засяродзіліся. Першы нумар. Бярэ некалькі акордаў. Усе адразу падхопліваюць. Надзея запявае «Ландыши»:

Ты сегодня мне принес

Не букет из алых роз,

Не тюльпаны и не лилии.

М і к а л а й. Гваздзючкі.

І в а н. Цюльпаны.

Н а д з е я. Подарил мне скромно ты

Очень нежные цветы,

И они такие милые.

Спяваюць усе:

Ландыши, ландыши,

Светлого мая привет.

Ландыши, ландыши,

Белый букет.

С о ф’я. Нядрэнна! Зусім нядрэнна для пачатку. Пакуль у два галасы, але ўзновім чатыры. Цяпер гэту... Запявае Іван Грыва.

І в а н (спявае). Рідна маты моя, Ты ночєй недоспала, І водыла мене у поля край села, І в дорогу далеку ты мене На зорі провожала, І рушнік вишиваны На щастя, на долю дала. Апошнія два радкі спяваюць усе разам.

С о ф’я. Ужо лепш. Хвалю. Нумар тры (бярэ некалькі акордаў. Усе маўчаць).

М і к а л а й. Не памятаю. На жаль...

Н а д з е я. Штосьці вельмі знаёмае.

І в а н. Круціцца ў галаве. А Божа...

С о ф’я. Мікалай, дык гэта ж твая любімая. Першы радок «Шумит». (Усе ўздыхнулі.) Паехалі.

Усе спяваюць:

Шумит весна, звенит струна,

Гитара поет и поет,

Поет о том, что мы с тобой,

Что вновь с тобой.

Паўтараюць двойчы.

С о ф’я. Мікалай, чачотку. (Яго і прасіць не трэба. Выдаў першы клас.) Выдатна!

Н а д з е я. Брава!

І в а н. Найвышэйшы клас.

С о ф’я. Я ж казала: нішто не мінае, толькі мы знешне мяняемся. А цяпер каронны нумар. Класіка кампазітара Лепіна і салдата Броўкіна.

І в а н. Я спалохаўся... падумаў не Лепіна, а Леніна.

С о ф’я. Размовы. Салісты, лаўрэаты абласнога агляду тысяча дзевяцьсот шэсцьдзесят... мінула стагоддзя Надзея Мышалава і Мікалай Галабурда. Палілася песня. Спяваюць задушэўна:

М і к а л а й. Не для тебя ли в садах наших вишни Рано так начали зреть.

Н а д з е я. Рано веселые звездочки вышли, Чтоб на тебя посмотреть. Усе: Если б гармошка умела Все говорить не тая. Русая девушка в кофточке белой, Где ж ты, ромашка моя, Где ты, откликнись, подружка моя». На прыпеве Мікалай і Надзея вальсіруюць.

С о ф’я. Брава! Ёсць! Жывы курылка!

Н а д з е я. Ах, якія песні былі. А як мы марылі. «Подари мне лунный камень, лунный камень подари». Каму патрэбен зараз гэты камень?

І в а н. Золата, золата падавай.

С о ф’я. Мы дакажам, што можна ў адну ваду ўвайсці двойчы. Накіроўваю заяўку на фестываль «Залаты віцязь» у Магілёў. Вы-дат-на! Родныя мае, таленавітыя... у мяне слёзы на вачах.

І в а н. Хадзем да стала. За што вып’ем?

Н а д з е я. За Софью. Арганізатара і натхняльніка.

І в а н. За вас, дзяўчаткі! Ура! Выпілі.

С о ф’я. Цяпер добра было б прыдумаць новую назву ансамблю. Было «Чырвоныя гваздзікі». Усе адразу падхапілі: Мы пионеры — дети рабочих, Близится эра светлых годов.

С о ф’я. У каго яшчэ ёсць прапановы?

М і к а л а й. Тады «Два казлы і дзве козачкі».

Н а д з е я. «Сиреневый туман».

І в а н. «Рэфарматары». Новая галоснасць.

С о ф’я. Занадта разумна. Трэба арыгінальна, але проста.

Н а д з е я. Ёсць!

І в а н. Ну?

Н а д з е я. «Бесамэ мучо».

С о ф’я. Выдатна. Ансамбль “Бэсамэ мучо”.

І в а н. Мне падабаецца. Класная песня. Дарэчы, як перакладаецца з іспанскай гэта «Бесамэ мучо»?

М і к а л а й. Бесамэ мучо... Не памятаю дакладна, па-мойму, «басяк мяне мучае».

Н а д з е я. Забылі класіку. «Цалуй мяне мацней» — вось пераклад.

М і к а л а й. Хіба гэта не адно і тое?

І в а н. Лагічна.

С о ф’я. Галасуем. Хто за новую назву, узніміце рукі. (Усе ўзнялі.) Адзінагалосна. Віншую з новым прышэсцем.

М і к а л а й. Хто прыйшоў?

С о ф’я. Прышэсце.

М і к а л а й. Другое, Хрыста?

С о ф’я (да Надзеі).Бачыш, глухаваты, слепаваты, рокер, пераростак, да таго ж укладчык, якога падманулі, яму вельмі трэба апека і ласка. Табе яго не шкада?

Н а д з е я. Шкада. Твая праўда. Званок дамафона.

І в а н. Гэта наш адміністратар Люба. Не адчыняйце... зноў грошы прасіць будзе.

С о ф’я. І ты ёй таксама пазычыў?

І в а н. Заначку. Дзесяць долараў.

С о ф’я. Чаму не далажыў?

І в а н. Забыўся.

С о ф’я. Піць трэба цэрэбралізін, даражэнькі. Я гэтага не люблю.

І в а н. Не адчыняй. Абыдзецца.

С о ф’я. Таму, хто просіць, не адмаўляй. Слухаю. Так, Любаша. Адчыняю.

І в а н. Гэта наша суседка з суседняга пад’езда. Адміністратар у тэатры.

М і к а л а й. Таксама спявае?

І в а н. Не чуў... але слых выдатны... у курсе усіх гарадскіх навін. Уваходзіць Люба.

Л ю б а. Добры вечар... О, у вас госці, прабачце, нязваны госць горшы... за атамную бомбу. Ах, які пах! Гусь?

І в а н. Качка.

Л ю б а. Таксама выдатна.

С о ф’я. Чаго хоча тэатр?

Л ю б а. Тэатр хоча есці.

С о ф’я. Што трэба тэатру?

Л ю б а. Есці.

С о ф’я. А для чаго тады тэатр?

Л ю б а. Каб карміць усіх духоўнай ежай, але толькі тады, калі сам не галодны. Якая я неадукаваная.

С о ф’я. Сядай, частуйся.

Л ю б а. Што гэта?

С о ф’я. Крэветкі.

Л ю б а. Ну, блін, і даяце ж вы. Я на хвіліначку. З вялікай ахвотаю. Вось гэтая паперка (паказвае)дарагога вартая. Танцуй, Іван Багданавіч.

І в а н. Чаго б гэта. Мы спяваем, а не скачам.

Л ю б а. Тут скакаць трэба.

І в а н. Скокі на крэветку.

Л ю б а. Вось. Копія. Новаспечаная. Падпісаны загад, вы зацверджаны на ролю караля Ліра! Паўза.

С о ф’я. Пакажы (бярэ копію). Сапраўды (выцірае слязу). Дваццаць гадоў, дваццаць гадоў чакання.

М і к а л а й. Люба, вам каньяку, лікёру?

Л ю б а. І таго, і таго. У адзін кубак, калі ласка. Іван Багданавіч цалуе Любу, узнімае кубак.

Л ю б а. Горад гудзе. Я ўжо кінула рэкламу ў прэсу.

Н а д з е я (да Соні).Ну, што ты. Усё ж добра... Соня.

С о ф’я. Прабачце, нервы нікуды. За Івана Багданавіча.

Л ю б а. За яго. Усе выпілі.

Л ю б а. Да дома не падысці. Цікаўных паўквартала. Наладзілі першае ў горадзе казіно. Кажуць, нейкі чалавек раніцай купіў фішак на сорак долараў і атрымаў прыбытак у дзве тысячы. (Паўза.) Зоркі абяцаюць сёння спрыяльны дзень.

М і к а л а й. Сябры мае, у мяне ідэя. Удача чакае таго, чый лад жыцця адпавядае норавам часу. Айда ў казіно!

Н а д з е я. На якія шышы? У мяне дзесяць долараў, апошнія.

Л ю б а. Пяць пазычце мне, на пяць згуляйце.

М і к а л а й. Я ўсіх частую. З нагоды дня Івана. А раптам пашанцуе. Мне грошы вельмі трэба.

Н а д з е я. Колькі?

М і к а л а й. Многа, Надзейка.

С о ф’я. Я не пайду. Гэта загана, буржуазны падман. Страсці губяць чалавека, як казаў Буда.

Н а д з е я. Ты і яго ведаеш?

М і к а л а й. Соф’я... Бесамэ. Усе за аднаго і адзін плаціць за ўсіх.

С о ф’я. Не ўгаворвайце. Ідзіце. Я ад прынцыпаў не адступлюся.

І в а н (азартна). Мы хутка.

Н а д з е я. Толькі паспрабуем. Ненадоўга.

С о ф’я. Я і не сумняваюся. Там доўга не затрымліваюцца. Усе, акрамя Соф'і, выходзяць. Геній з геніяў той, хто прыдумаў для людзей Бога і чорта. Тэлефонны званок.

С о ф’я (здымае трубку). Слухаю. Алё. Сынок, ты? Дзень добры. Усё ў парадку. Тату далі ролю Ліра. Не, гэта не кіраўнік банды, гэта з Шэкспіра, кароль, які падзяліў сваё каралеўства паміж дочкамі, а пасля нідзе не знайшоў прытулку, акрамя як у беднай Кардэліі. Ты не прыйдзеш павіншаваць тату? Добра, добра, не кіпяціся. Ён прынясе грошай і качку з блінамі. Не фарсі, яшчэ холадна, насі шапку. Ды я не павучаю, я проста клапачуся пра здароўе. Да сустрэчы. Шпарка ўваходзіць Іван.

І в а н (узбуджаны). Фартуна на нашым баку. Пайшла. Шчаслівы дзень. Дай яшчэ долараў пяцьдзесят.

С о ф’я. Вар’ят, гэта на чорны дзень.

І в а н. Чорнага дня больш не будзе! Будзе Лір!

Соф’я неахвотна аддае 50 долараў.

С о ф’ я. Не падабаецца мне ўсё гэта. Згубныя страсці разарылі Дастаеўскага. (Іван куляй вылятае.) Шлюб — гэта міні-турма, у якой муж і жонка па чарзе выконваюць ролі наглядчыка і вязня. Паўза. Уваходзіць самотная Надзея.

С о ф’я. Як там?

Н а д з е я. Я ўсё прайграла. Ужо калі не шанцуе, дык не шанцуе напоўніцу.

С о ф’я. Не шанцуе ў картах, пашанцуе ў каханні. Нашы адыграюць твае пяць долараў. Усё падзялілі пароўну. Як табе Мікалай?

Н а д з е я. Маска нейкая на твары. Па-мойму, яго нешта прыгнятае.

С о ф’я. Натуральна. Усе думкі пра дачку. Ён лепшы за майго. З ім надзейна. Мой выкруцень, круціцца вакол праўды. Ты з ім будзеш, як за сцяной.

Н а д з е я. Я яшчэ нічога не вырашыла. Уваходзіць Іван. Ён зусім бледны.

С о ф’я. Ну, граф Монтэ-Крыста. Уладальнік заводаў, газет, параходаў. Яхту будзем купляць? Іван выпівае каньяку.

С о ф’я. Паказвай, хваліся.

І в а н. Пралёт... Паўза.

С о ф’я. Не бядуй, гора ты маё. Не ў гэтым шчасце. Уваходзіць Люба.

Л ю б а. Мікалай Фёдаравіч просіць халат.

С о ф’я. Мэблю не будзем вывозіць?

Л ю б а. Прасіў халат.

Н а д з е я. Можа, ён выйгрыш у халат запакуе?

С о ф’я (падае халат). Лепш тады мяшок.

Л ю б а. Прасіў халат.

С о ф’я. Трымай. (Люба выходзіць.) Праўду казала мая бабуля — уцякай ад прагі ўлады, прагі гвалту і прагі грошай. Уваходзяць Люба і Мікалай. Ён у халаце, пад якім толькі трусы і цяльняшка. Паўза. Усе здзіўлены.

Л ю б а. Не наш дзень. Ён спярша выйграў вельмі вялікую суму... пасля... паставіў касцюм рокера і яго як ветрам здзьмула. Паўза.

І в а н (да Мікалая). Гэта чужая рэч, Коля?

М і к а л а й. Я мог зняць пяць тысяч баксаў.

І в а н. У цябе была дарагая, чужая рэч, боцман. Пракат, аўдзіт, заём, крэдыт і ўсё астатняе. Дзе рэч?

М і к а л а й. Не хвалюйся, я ўсё выкуплю.

С о ф’я. Пра што ты, Ваня?

І в а н. Я яму пазычыў рокерскі касцюм нашага сына. А ён яго прасадзіў. Што цяпер будзе?

С о ф’я. Зусім нічога. Я куплю яго на свае грошы. Да пенсіі дзесяць дзён.

Л ю б а. Прабачце, напрамілы Бог. Чорт заблытаў.

Н а д з е я. У мяне дома... на чорны дзень ляжыць.

І в а н. Колькі?

Н а д з е я. Тры долары.

С о ф’я. Пасядзіш на поснай дыеце.

Л ю б а. Ёсць паратунак!

І в а н. Толькі не ты, выратаванне не праз цябе. Пазычце ёй тры долары пад 300% гадавых, і хай ідзе.

С о ф’я. Гавары, культура.

Л ю б а. Тэатру даюць грант Еўрасаюза. Тэрмінова трэба п’еса пра людзей пенсійнага ўзросту. Надыходзіць год людзей пажылых. Пяць тысяч еўра.

Н а д з е я. Можна яшчэ даслаць пытанне ў Маскву для перадачы «Што, дзе, калі?» Дзе купляў сабе кепку Ленін, у якім універмагу?

М і к а л а й. Доўга чакаць, там свая мафія, з п’есай больш надзейна. Хто напіша? Я без памылак дагэтуль не магу напісаць правільна са школьнай хіміі «монагалагеніраванне дзігідрагалагенаалканаў».

І в а н. Без ста грамаў гэтага не паўтарыць.

Л ю б а. Я буду запісваць. Калісьці пісала вершы. Узгадвайце пра яркія здарэнні з жыцця. Гэта будзе нешта новае, арыгінальнае. За чатыры дні можна сачыніць «Мертвые душы».

Н а д з е я. Вось гэтага не трэба. Прывіды могуць наведаць і сапсаваць усё.

С о ф’я. Слушная прапанова. У перапынку паміж рэпетыцыямі будзем успамінаць. Заўтра ў 15.00 у мяне. Рыхтуйце свае гісторыі.

І в а н. Качка!

М і к а л а й. У сэнсе?

І в а н. Прыгарае! (Хоча накіравацца на кухню.)

С о ф’я. Не варушыся. Усё зраблю сама. Бліны будуць есці мужчыны, мяса — жанчыны.

І в а н. А каралю Ліру выключэння не зробіш?

Н а д з е я. Я падзялюся.

С о ф’я. Пасля прэм’еры ўсё будзе наадварот.

М і к а л а й. Саступім ім, Ваня. Яны ў нас добрыя.

І в а н. Ну, хай сабе.

С о ф’я. Што вы засумавалі? Не канец жа свету. Свята працягваецца. «Взвейтесь кострами, синие ночи, мы пионеры, дети рабочих». (Усе падхопліваюць.) «Близится эра светлых годов, клич пионера всегда будь готов».

ДЗЕЯ ДРУГАЯ

КАРЦІНА ПЯТАЯ

Дэкарацыі першай карціны без змен. Шум рэактыўнага самалёта. Уваходзіць Надзея. У руках у яе кафейнік. Мікалай сядзіць пры стале.

Н а д з е я. Соф’я з Іванам затрымліваюцца.

М і к а л а й. Што?

Н а д з е я (гучна). Яны затрымліваюцца.

М і к а л а й. А чаго ты так крычыш?

Н а д з е я. Ты ж глухаваты.

М і к а л а й. Усё прайшло. Проста вуха было заклала.

Н а д з е я. І з памяццю парадак?

М і к а л а й. А яна і была ў парадку. У аэрапорце свята. Адкрылі новыя рэйсы ў Варшаву і Берлін. Надзея сядае да стала.

Н а д з е я. Нам не лётаць. Хай маладыя лётаюць.

М і к а л а й. У тым і справа. Я не перажыву адзіноты. Яна вельмі сур’ёзна наважылася ў Амерыку.

Н а д з е я. Ёсць выйсце?

М і к а л а й. Усе рэсурсы вычарпаныя. Для іх патрыятызм, пачуццё радзімы — пусты гук. Не жадаюць упрыгожваць родную зямлю талентамі і справамі.

Н а д з е я. Мы таксама былі вольналюбівымі, але ідэаламі і традыцыямі не пагарджалі.

М і к а л а й. Свабода, свабода...

Н а д з е я. Унутраную свабоду ў чалавека ніхто не можа адабраць.

М і к а л а й. Гэта я вінаваты. Не змог выхаваць. Давядзецца падпісаць дазвол.

Н а д з е я. Павінна быць выйсце. Сутэнёры пад маркай працы вывезуць — і бывай. У нас у адной медсястры так загінула дачка.

М і к а л а й. Каб знайсці дзе гэтыя дзесяць тысяч долараў, купіць для яе кватэру... Гэта яе б утрымала.

Н а д з е я. Трэба шукаць.

М і к а л а й. Наша пакаленне не паспела назапасіць.

Уваходзяць Соф’я і Люба з павязкамі дружыннікаў на рукавах.

Н а д з е я. Што гэта, Соня?

С о ф’ я. Карысную рэч прыдумала міліцыя. Адродзім народныя дружыны.

Л ю б а. Тры гадзіны дзяжурства ў сваім раёне, і атрымай пяць долараў.

С о ф’я. Так, увага. Працуем.

Л ю б а. Я зусім змерзла.

С о ф’я. У час працы сухі закон.

Л ю б а. Тры грамы лікёру.

С о ф’я. Не больш. Надзя, пачастуй. (Люба п’е.) Хто прыгадаў штонебудзь істотнае са свайго жыцця? Хто першы пачне? Ты, Надзея?

М і к а л а й. Давай я. Хай яна збярэцца з думкамі.

Л ю б а. Штосьці пра мора, пра ваду.

М і к а л а й. Можна і такое. У нас адзін мужычок рыбак улягаў за маладзенькай. Яго прыяцелька жыла на супрацьлеглым беразе. Жонка падазравала здраду, але не была ўпэўнена, на якую такую начную рыбалку ён увесь час едзе. На ўсякі выпадак, каб праверыць, падмяніла лодку. Як толькі ён даплыў да сярэдзіны ракі, зразумеў — кепская справа, але клікаць на дапамогу не рашыўся... магла прыбегчы жонка, дом стаяў ля самай вады. Ён у ваду і да берага. А плаваць не ўмеў. Так метраў у трох ад берага і патануў.

Н а д з е я. Божа!

С о ф’я. Жах. Усіх Дон- Жуанаў чакае такі фінал. Ну, што, Люба?

Л ю б а. Трылер, ужасцік для кіно. Штосьці весялейшае трэба.

С о ф’я. Давай са свайго жыцця.

М і к а л а й. Бацька нашага аднакласніка Сашы...

Со ф ь я. Старшыня калгаса.

М і к а л а й. Так. Купіў дробнакаліберную стрэльбу. Збіраліся мы на танцы. Выпілі па кубку яблычнага віна. Галовы закружыліся, пацягнула на подзвігі. Давай практыкавацца ў дакладнасці стрэлаў. Спярша палілі па скрынцы ад запалак. Нецікава. І тут на старую грушу верабей прыляцеў. Саша стрэліў па ім. Прамазаў. Верабейчык сядзіць сабе ў промнях заходзячага сонца. Я па-каўбойску ўскінуў стрэльбу і націснуў на курок. Птушачка звалілася, Саша пакрыўдзіўся, што прайграў, пайшоў у дом. Я падняў вераб’я. Сардэчка ў яго тахкала: ўдараў дзвесце на кожную хвіліну. Паднёс я яго да калодзезнага вядра, думаў напаіць. Рукі ў мяне былі ў крыві. Ён шырока разявіў дзюбу і цяжка дыхаў. Хмель мой знік адразу. Так ў руцэ і памёр. На танцы я не пайшоў. З таго часу стрэльбы ў рукі не бяру і дзе б ні быў, заўсёды кармлю вераб’ёў, адкупляю перад імі сваю віну... вось... Паўза.

Н а д з е я. Я ўсіх птушак, якія побач з намі зімуюць — вераб’ёў, галак, галубоў, сарок, варон, сінічак, — больш за астатніх люблю.

Л ю б а. Вось гэта як раз тое, што трэба. Зараз жорсткасці ў свеце багата. Трэба выхоўваць.

С о ф’я. Павучальная гісторыя. Давай, Надзя.

Н а д з е я. Не ведаю... Я дома падрыхтавала... відаць, нецікава.Жыццё праляцела, усяго было многа, а глядзіш, нібыта і дарэмна пражыла.

С о ф’я. Пазбегла турмы, сумы, бальніцы, кулі — добра пражыла.

Н а д з е я. Можна ў пісьмовым выглядзе...

С о ф’ я. Кончыліся партыйныя сходы.

Н а д з е я (з хваляваннем). Мая мама была каталічка. Я, узгадаваная камуністычнай ідэалогіяй, як і мая старэйшая сястра, у касцёл не хадзілі. Мы былі пакаленнем пасіўных атэістаў. У нас свайго людаеда Троцкага не было. Мы з сястрой раслі эгаісткамі, што і казаць. Маці засталася дажываць у маёй сястры, у якой было нешчаслівае сямейнае жыццё. Двое дзяцей. Адзін пабыў у турме. Дачка выйшла замуж, пасля развялася. Я дваццаць гадоў у інтэрнаце чакала кватэру, якую атрымала за паўгода да мамінай смерці. Наведвала яе рэдка. Праездам на поўдзень. Дзень-два пагасцюю і паеду. Цяжкая атмасфера. Мама сястру абцяжарвала. Угаварыла я яе... забрала да сябе паміраць. Месяцы два і пажыла ўсяго. Сястра прыехала, была рада, што браць маці назад не трэба. Мама мая нарадзілася 29 лютага. Дзень нараджэння ў яе быў раз на чатыры гады. Я ёй прынесла абразок з касцёла, яна ў палаце і малілася. І прасіла Бога толькі пра тое, каб забраў яе менавіта 29 лютага. Строга нам загадала: памінаць яе толькі ў гэты дзень і не прыходзіць на могілкі ў іншыя дні. Для сястры дорага будзе прыязджаць з другога горада. І што вы думаеце? Яна памерла менавіта 29 лютага. Я баюся парушыць яе апошнюю волю... наведваю маму толькі 29 лютага. Паўза.

С о ф’я. Яна вас надта шкадавала і любіла. Яна не пакрыўдзілася. Мы не здатныя крыўдаваць на сваіх дзяцей. Усё роўна мы гатовыя дараваць ім усё.

Л ю б а. Нешта ў нас усе гісторыіі сумныя. Прыйдзе Іван Багданавіч, раскажа што-небудзь вясёлае. Трэба больш гумару.

М і к а л а й (не адразу). Значыць так, Надзея. Заўтра ж пойдзем на могілкі да тваёй маці.

Н а д з е я. Я прымхлівая. Можа, праклён з таго свету прыйдзе.

М і к а л а й. З таго свету святло ідзе, а праклён у нашым свеце. Хадзем. Так нельга... Я так думаю.

С о ф’я. Правільна.

Л ю б а. І па-хрысціянску гэта. Баліць душа, наведай памерлых бацькоў. Уваходзіць Іван Багданавіч.

С о ф’я. Здрасьце, я ваша цёця. Рэпетыцыя рэпетыцыяй, але і мы ж калектыў. Палову п’есы, лічы, склалі.

Л ю б а. Не хапае смешнага. Іван здымае парык Ліра і кідае на падлогу.

С о ф’я. Паднімі. Рэч дзяржаўная. Вось мы так безгаспадарлівасцю і развалілі Саюз.

І в а н (самотна). Ка-тастро-фа.

Н а д з е я. Божа... Аўтамабільная? Губернатар? Птушыны грып?

С о ф’я. Не гавары загадкамі.

І в а н. Трагедыя! Капут Ліру!

С о ф’я. Блазан. Які канец Ліру, калі ты жывы-здаровы?

І в а н. Рэжысёр сёння на рэпетыцыі прыдумаў, з яго пункту гледжання, геніяльны фінал. Лір у апошняй сцэне падымаецца на подыум-пляцоўку, увасабляючы гэтым веліч сваю над светам гвалту, падману, жорсткасці.

С о ф’я. У цябе былі розныя фіналы, хай будзе і такі. У гэтым ёсць штосьці сімвалічнае. Праўда?

Н а д з е я. Праўда.

Л ю б а. Праўда.

І в а н. Усё б было добра...

М і к а л а й. Выпі вадзічкі. Іван п’е.

І в а н. На гэтым подыуме Лір нясе на руках цела памерлай дачкі Кардэліі, а важыць тая Кардэлія добры цэнтнер.(Паўза.) Вось як ён задумаў мяне, ягонага крытыка-апазіцыянера, з тэатра выштурхнуць па ўласным жаданні.

С о ф’я (ад нечаканасці села). Гэта канец.

М і к ал а й. Што, ты не падымеш ужо семдзесят кілаграмаў?

С о ф’я. Ён пінчэра падымае і ўжо крычыць: «Ціск!»

І в а н. Можа, і падыму, але 30 прыступак уверх...

Н а д з ея. Сапраўды... для гэтага патрэбны Клічко...

С о ф’я. У Вані ўжо быў лёгкі гіпертанічны крыз. Не адужае.

М і к а л а й. Не здавайся. Увесь горад чакае. Чакай, я зараз. Хутка выходзіць.

Л ю б а. Які каварны ход. Ён адразу мне не спадабаўся. Кажу: «Давайце ставіць п’есы беларускіх драматургаў», а ён: «Можа, яны і беларускія, але п’ес няма, здрабнелі». Авангардыст гэты паскудны. У кожным спектаклі бегаюць пад вэлюмам дзяўчаткі і трасуць голымі клубамі. Гэта ж не стрыптыз, а тэатр. Наватар вычварны.

С о ф’я. Што рабіць, што рабіць, не дам рады.

Н а д з е я. Ролю аддаваць нельга. Трэба напісаць у прафкам.

Л ю б а. Не дзейнічае.

Н а д з е я. Звернемся...

І в а н. У ААН? У нас свабода творчасці. Уваходзіць Мікалай. Ён нясе бервяно ў рост чалавека.

М і к а л а й. Вось прыблізна пяцьдзесят кілаграмаў.

І в а н. У Кардэліі вага кілаграмаў семдзесят, восемдзесят.

М і к а л а й. Пачні з пяцідзесяці. Вакол стала, два пралёты па лесвіцы ўверх. На д з е я. Выдатная ідэя!

М і к а л а й. Не адмаўляйся ад ролі... мы з табой. А гэта таксама сіла.

Л ю б а. А падтрымка залы.

Н а д з е я. Ты мусіш пераўзысці самога сябе. Мы пераможам. Іван Багданавіч падымае з падлогі парык, нацягвае яго, бярэ бервяно і нясе яго вакол стала.

Н а д з е я. Атрымалася, атрымалася!

С о ф’я. Ванечка, галава не закружылася?

І в а н. Не.

М і к а л а й. Трэба трэніравацца.

Л ю б а. У вас разумны трэнер і прыгожы, як Апалон.

Н а д з е я. Вазьміце і мяне на стайню. Я забяспечу медыцынскую падтрымку. У мяне і зёлкі гаючыя ёсць.

І в а н. Не зразумеў?

С о ф’я. На якую стайню?

Л ю б а. Тэатр не стайня, гэта занадта.

Н а д з е я. Ды не ж. Каманду памочнікаў баксёра Косці Цзю называюць стайняй.

М і к а л а й. Бяром.

С о ф’я. А...

Л ю б а. Смешна. Я і не ведала. Я ж кажу, я вельмі дурная, з глухамані. Соевыя сасіскі не купляйце, яму патрэбны з мяса.

С о ф’я. Ды я чырвоную ікру куплю.

Н а д з е я. Менавіта так.

С о ф’я. Толькі станоўчыя эмоцыі. Божа, каюся, ведаю, ты заўсёды побач. Я пайду ў храм, калі душа загадае, пайду, прашу цябе, дапамажы... умацуй ягоныя сілы і ўтвары ціск 130 на 80. Дапамажы, Божа (перахрысцілася).

Н а д з е я. Дапамажы (перахрысцілася па-каталіцку).

Л ю б а. Дапамажы. Цяпер ужо акрамя Бога і спадзявацца няма на каго.

КАРЦІНА ШОСТАЯ

Тэатр. Ідзе спектакль «Кароль Лір». За кулісамі. Соф’я назірае за тым, што адбываецца на сцэне. Побач Надзея, якая трымае ў руках бутэлечку з лекамі. Далятаюць асобныя рэплікі. Соф’я сядае на стул. Надзея налівае ёй у мензурку лекі, падае.

Н а д з е я. На, выпі і не перажывай так.

С о ф’я. Не магу.

Н а д з е я. Усё добра. Ён іграе геніяльна. Хадзем у залу.

С о ф’я. Не. Буду побач. Ты ідзі.

Н а д з е я. Я застануся ў такім разе з табой.

Л ю б а (уваходзіць). Сын, ваш сын, Соф’я Мікітаўна, у зале.

С о ф’я. Прыйшоў-такі.

Л ю б а. На трэцім званку. Я іх — вашага сына і дачку Мікалая Фёдаравіча — побач пасадзіла.

С о ф’я. Усё пасля, пасля.

Н а д з е я. Добра зрабіла.

Л ю б а. Усе прыстаўныя занятыя, галёрка поўная. Губернатар першы раз за чатыры гады ў тэатры. Ажыятаж нечуваны.

С о ф’я. Толькі б дацягнуў карову праклятую на верхатуру. Палічы. Надзея лічыць пульс.

Н а д з е я. Семдзесят адзін.

С о ф’я. Маніш. Паўтары сотні будзе. Ах, у скронях стукае.

Л ю б а. Ну, я пабегла. Тэлебачанне, радыё. Вы толькі дайце веры, усе члены Беларускага клуба «Абарона акул» прыйшлі калектыўна на спектакль.

Н а д з е я. А дзе яны гэтых акул абараняюць?

Л ю б а. Віртуальна. Праз Інтэрнет. Дурніца я, дурніца... толькі сёння дазналася, што сіні кіт у 90 мільёнаў разоў цяжэйшы за землярыйку. Выходзіць.

Н а д з е я. Мне б твае клопаты.

Со ф ь я. Гэта праўда. Навошта, навошта мы паехалі ў гэты горад? Тут культура на дне. Ні пашаны, ні славы, ні спакою. Не выходзь замуж за артыста, Надзя, ніколі.

Н а д з е я. Перахрысціся. Якое замужжа?

Со ф’я. Бяры Мікалая. Ён і Любе глянуўся, будзь пільнай. Кіне яна свайго п’янчужку у ЛПП, у сваю чаргу малады каханак кіне яе, яна перабяжыць да Мікалая, хоць дама і неадукаваная.

Н а д з е я. Ты думаеш?

С о ф’я. А чаму не? Ну, што там?

Н а д з е я (зазірае на сцэну). Пайшла апошняя дзея. Зараз пацягне гэты самавар у басаножках.

С о ф’я. Вось пашанцавала. Яе два мужыкі мусяць цягнуць. Нам не хапала толькі інсульту.

Н а д з е я. Я адчуваю, усё абыдзецца. Бог за наўмыснае зло пакарае рэжысёра.

С о ф’я. Няма сумнення, як сказаў прарок Мухамед, хай уславіцца імя яго, не здзяйсняй гвалту над другімі і не дазваляй гвалту над сабой.

Н а д з е я (здзіўлена). Ты і Мухамеда ведаеш?

С о ф’я. Ён жа з роду людскога.

Н а д з е я. Нясе! Па-мойму, лёгка і нязмушана.

С о ф’я. Ціпун табе на язык. Лічы прыступкі. Зала замёрла. Усталявалася поўная цішыня. Далёка-далёка гучыць музыка Баха.

С о ф’я. Ну? Чаму ўсе маўчаць?

Н а д зе я. Можа, плачуць?

С о ф’я. Па кім?

Н а д з е я. Пакуль што па Кардэліі. Соня, ён нясе яе як парушынку.

С о ф’я. Мяне ён так ніколі не насіў. Бінокль! (Надзея падае бінокль.) Яму цяжка. Добра, што ідзе спінай да залы. Ніхто не бачыць, як яму цяжка. Дыханне падводзіць.

Н а д з е я. Я думаю, адзін касцюм яе цягне на тры кілаграмы.

С о ф’я (вяртае бінокль). Трымай. Не магу глядзець. Здаецца, сама зараз павалюся. Якая прыступка?

Н а д з е я. Экватар ён прайшоў. Загучаў рэквіем Вердзі.

С о ф’я. Хто ўключыў Вердзі?

Н а д з е я. Так задумаў рэжысёр.

С о ф’я. Нягоднік. Рана нашых хаваеш.

Н а д з е я. Дваццаць пятая! Ёсць! Дваццаць шостая!

С о ф’я. Што з ім? Чаму ён спыніўся? Бінокль! (Надзея падае бінокль.)

Н а д з е я. Можа, перадыхнуць вырашыў? Тры прыступкі засталося. І марш спынілі. (Паўза.) Ну, Ваня, давай... (зала зашумела), давай, Ваня.

С о ф’я. Ён бледны. Надта бледны!

Н а д з е я. Гэта грым. Рушыў далей. Дваццаць восем... дваццаць дзевяць... трыццаць! Ха! Пайшла заслона! Ура! Зала ўзарвалася ад воплескаў. Соф’я вынула насовачку, выцерла спярша бінокль, пасля слязу са шчакі. Н а д з ея. Сонечка, дарагая... ён перамог, мы перамаглі! Ты чуеш? Авацыя. Гром апладысментаў. Яго не адпускаюць. Крык «Брава! Брава!» Люба і Мікалай пад рукі вядуць стомленага Івана Багданавіча. Соф’я садзіць яго ў крэсла.

С о ф’я. Сюды. Асцярожна. Вады.

Л ю б а. Іван Багданавіч, зала патрабуе Ліра.

С о ф’я. Ён нікуды не пойдзе. Дай аддыхацца.

І в а н. Грыва паважае свайго гледача. Спірт.

С о ф’я. Звар’яцеў. Надзея налівае ў мензурку спірт.

І в а н. Стайня, нашатырнага! Надзея дае панюхаць Івану нашатыру, як штангісту. Іван Багданавіч ідзе на паклон. І зноў гром апладысментаў, крыкі «Брава!» Пляскаюць яму і Люба, Надзея, Мікалай. Уваходзіць Іван.

М і к а л а й. Ваня, геніяльна!

Н а дз е я. Шэдэўр. Сусветны ўзровень!

Л ю б а. Рэжысёру стала блага. Не выйшаў на сцэну. Ці то ад зайздрасці, ці то ад таго, што не атрымалася з п’едэсталам.

І в а н. Хай яго Бог судзіць (Апускаецца ў крэсла.)

С о ф’я. Яму блага. Ён спалатнеў. «Хуткую»?

І в а н. Не трэба. Ногі яшчэ трымаюць мяне.

Н а д з е я. Мы ганарымся табой, Іван Багданавіч. Зала скандзіруе. Іван Багданавіч зноў ідзе на паклон. Вяртаецца. Букеты кветак.

С о ф’я.Заўсёды гэтыя вянкі даюць. Лепш бы кілаграм цукерак.

І в а н. Не крыўдуй. Гэта ж ад любові.

Н а д з е я. Не патрабуй ад гледача перабудовы. Мы ёю ўжо здаволіліся. Уваходзіць Люба з бутэлькай шампанскага.

Л ю б а. Сын перадаў.

С о ф’я. Не. Толькі не тут. Дома. Заўтра. Усіх чакаем у 15.00. Івану Багданавічу трэба адпачыць.

Н а д з е я. Соня мае рацыю.

М і к а л а й. Як загадаеце.

І в а н. Ведаеце, пра што я падумаў?

С о ф’я. Пра што? Пра вялікага Шэкспіра?

І в а н. Падумаў, добра, што я не працую ў цырку. Не паўтарыў бы на біс нумр, падмачыў бы творчую біяграфію ў літаральным сэнсе гэтага слова.

С о ф’я. Больш я цябе ў тэатр не пушчу. Гэта геніяльная фінальная кропка.

І в а н. Тады дакладна... памру на наступны дзень. Квартэт «Бесамэ мучо» заўтра просім усім саставам да нас. Гучыць марш.

Н а д з е я. Вось і пераможны марш.

І в а н. Чорт бы ўзяў... цяпер я разумею альпіністаў, паўзуць на вяршыні, навошта? Якая карысць? Акрамя пачуцця задавальнення ад таго, што ты чагосьці варты.

М і к а л а й. Тэарэма Фермі не мае практычнага значэння, але чамусьці ўсім хочацца даказаць яе. Парадокс. І в а н. Чым больш чалавек жыве, тым больш пераконваецца, што жыве ён мала. Да заўтра, сябры мае.

С о ф’я. І не спазняйцеся.

КАРЦІНА СЁМАЯ

Кватэра Івана і Соф’і. У вазах кветкі. Паветраныя шарыкі. У кватэры адна Надзея. Яна ў святочнай сукенцы. Уключае магнітафон. Гучыць песня В. Іванова «Хто адгуляў, спачывай». Надзея падпявае, завучвае словы. Звоніць дамафон.

Н а д з е я. Слухаю? Мікалай, адчыняю люк, як ты кажаш. Хутка здымае фартух, папраўляе рыжы парык, прыхарошваецца ля люстэрка. Уваходзіць Мікалай з белай ружай у руках і бутэлькай шампанскага. Ён у марской форме.

Н а д з е я. Божа, адмірал Нахімаў!

М і к а л а й. Не дацягнуў. Боцман Галабурда. Гэта вам, мадам. А то ўсе кветкі Івану. Нясціпла.

Н а д з е я. Дзякуй. Вельмі міла з вашага боку.

М і к а л а й. Ад усяго сэрца. А дзе героі дня?

Н а д з е я. І не пытай. Званкі за званкамі. Тэрмінова выклікаў да сябе губернатар, а ў 17.00 чакае мэр.

М і к а л а й. Зайздросны лёс у гэтых артыстаў. Купаюцца ў славе.

Н а д з е я. Але часам для гэтага трэба быць штангістам. Не чакала.

М і к а л а й. Чаго?

Н а д з е я. Табе так пасуе марская форма.

М і к а л а й. І ўсе дзяўчаты нашы. Жарт. Што там у камбузе?

Н а д з е я. Па качках спецыяліст у нас Соф’я. (Абодва селі. Паўза.) Пакуль мы адны, у мяне ёсць да цябе слушная прапанова.

М і к а л а й. Я ўважліва слухаю.

Н а д з е я. Баюся пачынаць. Раптам ты пакрыўдзішся.

М і к а л а й. З чаго б?

Н а д з е я. Магчыма, не так зразумееш.

М і к а л а й. Гавары, не інтрыгуй.

Н а д з е я (вымае канверт). Вазьмі. Гэта табе.

М і к а л а й (з гумарам). Ліст пра каханне.

Н а д з е я. Не. Чытай. (Мікалай вымае паперу). Гэта дарчая тваёй дачцэ на маю аднапакаёвую кватэру. Без майго права пражывання.

М і к а л а й. Не зразумеў (чытае).

Н а д з е я. Ты за мяне не хвалюйся. Адна добрая бабулька, паміраючы ў бальніцы, адпісала ў спадчыну сваю дачу. Добраўпарадкаваную, у межах горада. Я без нерухомасці не застануся. Усе ўмовы. Вадаправод. Нават ёсць мансарда з відам на возера. Рэйсавы аўтобус праз кожную гадзіну. Камфортна. Бяры дарчую. Аддай дачцэ. Яна не паедзе шукаць долі ў чужых людзей. Уласная кватэра — гэта таксама стымул для жыцця.

М і к а л а й. Так. Але ж... Як гэта...

Н а д з е я. Не сумнявайся. Ты ж сам казаў: «Ах, калі б ёй купіць аднапакаёвую кватэру». Вось яна на законнай падставе яе і атрымала. Я ўжо вызваліла яе. Перавезла мэблю, рэчы, кнігі, халадзільнік, тэлевізар. Прусакоў няма.

М і к а л а й. А... гэта...

Н а д з е я. Суседзі не заліваюць (яна спяшаецца з адказам).

М і к ал а й. Але... гэта...

Н а д з е я. Электрапліта.

М і к а л а й. Ды пачакай ты, дай слова сказаць. На дачы паравое ацяпленне ёсць?

Н а д з е я. Будзе.

М і к а л а й. І ўвогуле, мышка, у мяне саспела адна прапанова не зараз, а калі наведвалі магілу тваёй мамы.

Н а д з е я. Слухаю.

М і к а л а й. Баюся, можа, ты не так зразумееш.

Н а д з е я. Давай.

М і к а л а й. Значыць, прапаную, як казалі калісьці... ну, карацей кажучы, руку і сэрца. (Паўза.) Во-ось... Пераязджаеш, значыць, да мяне ў каюту.

Н а д з е я. А калі б на дачы было паравое ацяпленне?

М і к а л а й. Прыехаў бы тады я да цябе, адключыў бы ацяпленне і прапанаваў дзве рукі і душу. Згодна?

Н а д з е я. Згодна, Мікола. Мікалай цалуе ёй па чарзе то адну, то другую руку.

М і к а л а й. Не дажываць, Надзея, а жыць паўнакроўным жыццём, колькі Бог адмерае.

Н а д з е я. Згодна, Коля. Званок дамафона.

М і к а л а й. Можа, нашым пакуль не будзем гаварыць?

Н а д з е я. Як скаа... Гэта ўсё ж свята Івана. (Паўза.) Адчыняю. Уваходзяць Соф’я і Іван.

М і к а л а й. Ключы забылі?

С о ф’я. Не да ключоў. Надзея дапамагае ім.

Н а д з е я. Кітайская ваза.

І в а н. Ад губернатара.

С о ф’я. А карціна ад мэра (паказвае карціну 10 х 20 сантыметраў).

Н а д з е я. А лупу ў дадатак, каб разгледзець карціну, не падарыў, скнара?

С о ф’я. Малы бюджэт. Дзякуй за ўвагу. І самы патрэбны падарунак (Іван узнімае руку з канвертам).

І в а н. Наяўныя. Эквівалентны пяцідзесяці доларам.

С о ф’я. Дай сюды. Ты з грашыма не ўмееш абыходзіцца. Да пенсіі дацягнем.

Н а д з е я. А чаму сумныя?

С о ф’я. Стаміліся трохі. Настрою няма.

І в а н. Разумееш, усё было выдатна. Словы захаплення, шампанскае... Ужо калі сыходзілі, пачулі ад дзяжурнага міліцыянера, што ў Мексіцы памерла кампазітар Веласкес.

М і к а л а й. Хто?

С о ф’я. Веласкес. Аўтарка несмяротнай «Бесамэ мучо».

Н а дз е я. Як? Калі? І в а н. Як паміраюць усе смертныя. Сёння раніцай. Паўза.

С о ф’я. Мэр паабяцаў дапамагчы квартэту. Так. Святочны настрой знік.

Н а д з е я. Колькі ёй было?

І в а н. Пасля васьмідзесяці значэння не мае.

М і к а л а й. Давайце памянём душу нябожчыцы. Колькі з гэтай песняй звязана шчаслівых хвілін у людзей усёй планеты. Цуд нейкі.

С о ф’я. Мексіка так далёка... яе партрэта я ніколі не бачыла. А такое адчуванне, што страціла вельмі блізкага чалавека. Музыка — царыца ўсіх мастацтваў, бо яна так кранае душу, як ніякае іншае.

І в а н. Хай зямля ёй будзе пухам. Выпілі. Паўза.

М і к а л а й (не адразу, не на поўны голас). Бесамэ, бесамэ мучо...

Усе ціхенька падхопліваюць песню і спяваюць на іспанскай мове. Выканалі адзін куплет і прыпеў. Нечакана Надзея горка заплакала. Соф’я яе супакойвае.

С о ф’я. Што з табой, Надзейка?

Н а д з е я. Я баюся смерці... я вельмі баюся... я баюся памерці.

М і к а л а й. Надзя.

С о ф’я. Ніколі б не падумала, што ты, вядомы медык, якога і зараз не стамляецца хваліць прафесар Рычагоў, гэтак раскісла.

М і к а л а й. Што, што можа прывесці цябе, любая, да смерці?

І в а н. Так, так.

С о ф’я. Закон подласці. Калі ўвесь час думаць пра кашчавую, яна прыйдзе. Прабач за рыторыку, кажу адкрыта. Мы з табой гаварылі пра філасофію Эпікура: «Смерць непазбежная, забудземся пра яе». Навучыся бачыць радасць у кожным пражытым дні. Ах, жыццё — якая гэта выдатная школа! Хтосьці ўсё вельмі разумна прыдумаў, мы не можам прадбачыць, што чакае нас заўтра. Вось і ўвесь сакрэт. Аднак мы сталеем і пачынаем разумець: ад нашай дабрыні, пяшчоты, спагадлівасці залежыць наша шчасце заўтра. Ты супакоілася?

Н а д з е я. Так. Амаль. Гэта выпадковая слабасць. Памяншаецца воля да жыцця.

М і к а л а й. Выдатна. П’ём шампанскае. Галоўнае — не засяроджвацца на адной праблеме. Бог не абяцаў цяплічных умоў.

С о ф’я. Трымай (падае канверт).

Н а д з ея. Што гэта?

С о ф’я. Афіцыйнае запрашэнне нашага квартэта на фестываль «Залаты шлягер». Паверылі без праслухоўвання. Толькі паводле відэазапісу.

Н а д з е я. Гэта не фантазія? Мы паедзем?

М і к ал а й. А як жа.

С о ф’я. Цяпер мы, любая, будзем усюды ездзіць разам. Мы павінны... да апошніх зямных дзён ганарыцца сваімі прафесіямі. Не дазваляй, каб здзекаваліся з цябе і з тваёй разімы. А то мы, як кісель. Свайго не любім. Звоніць дамафон.

І в а н. Люба...

Со ф’я. Не адчыняй. Хочацца ад усіх адпачнуць.

І в а н. А як жа твой запавет: «Тым, хто просіць, не адмаўляй»?

С о ф’я. Запомніў, малайчына. Адчыняй.

Н а д з е я. Так, хай будзе з намі.

І в а н. Адчыняю.

С о ф’я. Пазыч ёй дзесяць долараў і хай ідзе. Але нюх чалавека, як у Бонда. Не паспелі ў губернатара атрымаць прэмію, яна тут. Майце на ўвазе, качка адна, а тэатр заўсёды галодны. Ёй расказваюць розныя гісторыі, а яна сабе есць, спалучаючы прыемнае з карысным. Уваходзіць Люба. Яна пахмурная. Як ноч.

Л ю б а. Прабачце, смачна есці.

І в а н. Яшчэ не сядалі.

Л ю б а (вынімае пачак грошай). Не пакідайце даўгі вашы. Соф’я Мікітаўна, ваша дзясятка, дзякуй. Івану Багданавічу трыццаць долараў, Надзеі Іванаўне — дзесяць, Мікалаю Фёдаравічу — пяць. Дзякуй.

С о ф’я. Усім вінавата. У латарэю выйграла? Пабагацела.

Л ю б а. Поўны разлік.

І в а н. Як п’еса? Чакаем еўра.

Л ю б а. Няма больш ні п’есы, ні адміністратара, ні тэатра. Змрок.

Н а д з е я. Валер’янкі? Каньяку?

Л ю б а. І тое, і другое ў адзін кубак (выпівае).

С о ф’я (Івану). Ну, вось цяпер замест п’есы будзе сачыняць паэму.

Л ю б а. Паглядзіце. Перад вамі новаспечаны пенсіянер Любоў Тарасаўна Бойка.

Н а д з е я. Нашага палка прыбыло.

І в а н. Не гавары загадкамі, тут усе свае.

Л ю б а. Сыты парсючок, дырэктар тэатра, выклікаў з раніцы, кінуў канверт канчатковага разліку, нават рукі не падаў, не падзякаваў за трыццаць гадоў службы. Кантракт, кажа, з вамі вырашылі не працягваць. Адпачывайце на пенсіі. Не забывайцеся пра тэатр. Ледзь у рожу ягоную конскую не плюнула. Каму даваць веры? Як жыць? Ён на маё месца, як высвятляецца, узяў жонку галоўнага, вашу Кардэлію. Дарэчы, п’едэстал зрабіў меншым да дзесяці прыступак. Вы адзін герой сярод мафіі. Не даюць жыцця, паскуднікі, што зрабілі.(Выпівае яшчэ чарку каньяку.) Самы час у пятлю палезці.

С о ф’я. Люба, супакойся спярша. Збярыся з думкамі. Гэта не смяртэльна. Жыццё — гэта салодкія слёзы.

Л ю б а. Яны, крывадушнікі, пазайздросцілі, што ў мяне можа атрымацца п’еса. Хто ж чужому аддае еўравалюту? Падонкі. Але знойдзецца і на іх управа.

М і к а л а й. Лёс.

Л ю б а. Як жыць? Палову сэрца адарвалі. Чым залячыць, чым? Ды нага мая туды больш не ступіць. Соф’я Мікітаўна, падкажы, як жыць, ты ж разумная... я дурніца і толькі сёння пра гэта даведалася.

С о ф’я. Толькі не трэба пра лічбы ў словах. Мы пра тое памятаем.

Л ю б а. Не. Толькі сёння даведалася, што наша рака Сож упадае ў Днепр, а я пяцьдзесят гадоў думала, што ў Волгу.

С о ф’я. Як жыць, пытаеш? Як і раней жыла. Усміхайся сонцу, людзям, яны табе гадасць, а ты пасміхніся. Не затойвай злосці і нянавісці на «сытых парсючкоў», іх Творца правучыць. Ты хто па нацыянальнасці?

Л ю б а. Хахлуха.

С о ф’я. У цябе голас ёсць?

Л ю б а. Не.

М і к а л а й. У кожнага ўкраінца голас ёсць, не прыбядняйся.

Л ю б а. У мяне няма.

С о ф’я (бярэ акардэон). Так. Станавіся ля акна. Даю акорд у до мінор. Паўтары: до, сі, соль, сі, ля, рэ, до.

Л ю б а. Мяне нотнай грамаце не вучылі. Магу ўсё на слых. У дзіцячым садку, памятаю, спявала. До, ля, соль, сі...

С о ф’я. Давай яшчэ раз.

Л ю б а. Лепш гэту, «Вдоль по Питерской, да по Тверской-Ямской…» Праспявала вельмі гучна, нават уключылася сігналізацыя на машыне пад акном. Люба адышлася ад акна.

М і к а л а й. Я ж казаў — хахол умее спяваць.

І в а н. Малайчына. І гэта на галодны страўнік.

Н а д з е я. Наш чалавек.

С о ф’я. Вось што, украінка, паслухай сястру сваю беларуску, возьмем мы цябе, пакуль сёе ды тоё, у наш квартэт «Бесамэ мучо». Будзем адчай твой і адзіноту лячыць калектыўнымі стасункамі, песняй ды музыкай. А больш брацтвам нашым, таму як няма вышэйшай місіі, як палюбіць адно аднаго.

Л ю б а. Родныя мае, дзякуй. Давер апраўдаю.

С о ф’я. Пачакай. Спадзяюся, што да памеранцавай рэвалюцыі народ падбухторваць не будзеш?

Л ю б а. А навищо? У вас на Майдане дуже гарно. Навищо революция?

С о ф’я. Хто за тое, каб Любоў Тарасаўну прыняць у квартэт? (Усе ўзнялі рукі.) Віншую, адзінагалосна. Станавіся ў строй, жыццё працягваецца.

Л ю б а. Сяброўкі, 55 гэта так многа. Каханак кінуў.

М і к а ла й. Гэта значна лепей, чым 80.

Л ю б а. Цэ так. Лепш, што і казаць.

С о ф’я. Хай усе табою пагарджаюць, адно каб сумленне тваё цябе ўхваляла. Ціхан Задонскі, мніх.

Н а д з е я. Ты і яго ведаеш?

С о ф’я. У гонар новага пенсіянера нашай радзімы і новага члена актэта «Бесамэ мучо» выканаем украінскую песню кампазітара Майбарады «Кіеўскі вальс».

Л ю б а. Дзяўчаткі, не паверыце. Я словы ведаю і памятаю. Учора толькі сама сабе падмурлыкала. Тэлепатыя? Што гэта? Боскае наканаванне. Такога не можа быць. Я з раніцы спявала. Божа родны. (Плача.)

С о ф’я. Падрыхтаваліся. Даю акорд.

Усе пранікнёна спяваюць

«Знову цвітут каштаны, хвиля дніпровска бье.

Молодость наша, ты щасте мое».

На апошнім прыпеве Мікалай «выстрэльвае» шампанскае.

Б’е гадзіннік. Выходзяць на паклон. Іван нясе на руках бервяно. Яны з Мікалаем раскачваюць яго і кідаюць у залу гледачам. Бервяно бутафорскае. Гучыць «Кіеўскі вальс». Спявае вялікі хор. Заслона.


Скачать

Рекомендуем курсы ПК и ППК для учителей

Вебинар для учителей

Свидетельство об участии БЕСПЛАТНО!